
Chiefs Band&Каця Худзінец. Нібы пашкоджаны самалёт (аўдыё)
У аўдыёчарце на Tuzin.fm гурт Chiefs Band прадстаўляе песьню «Пашкоджаны» з чароўным голасам Кацярыны Худзінец. Гэта беларуская вэрсія твору гурта Winery Dogs, якую ўпадабалі і самі аўтары арыгіналу. Амэрыканцы выказалі спадзеў, што іх «Damaged» стане ў Беларусі гітом.
Chiefs Band не ўчыстую перайгралі арыгінал: яны зрабілі сваю аранжыроўку, дадалі духавыя інструмэнты і напісалі ўласны тэкст. Аўтар словаў, лідэр каманды Алесь-Францішак Мышкевіч згадвае, якія думкі яго натхнілі на стварэньне беларускамоўнага «Пашкоджанага»: «Перакананы ў тым, што ўсё што ні робіцца — усё да лепшага, нават калі нешта па жыцьці адбываецца ня так. Галоўнае разумець сябе самога, даваць волю сваім пачуцьцям і кіравацца імі. Песьня якраз пра пачуцьці, можа досыць звычайныя для кожнага. Паміж мужчынам і жанчынай. А дакладней пра той стан, калі ты застаесься сам-насам з сваімі думкамі нібы пашкоджаны самалёт: адзін у небе, сам сабе ня пан і ніхто ня дасьць рады табе дапамагчы. Але няма сэнсу шукаць апраўданьняў ды крыўдаваць. Лепей дараваць, таму што з такіх яскравых момантаў складаецца жыцьцё». «Пашкоджаны» вырашылі запісаць з жаночым вакалам. Песьню выканала джазавая сьпявачка Кацярына Худзінец, якая апошнім часам супрацоўнічае з Chiefs Band.
Музыкам з Winery Dogs прыйшлася даспадобы беларуская вэрсія іх гіта. Бас-гітарыст амэрыканскай каманды Білі Шыен напісаў Алесю-Францішку, што ў «чыфсоў» яна прагучала проста выдатна і выказаў спадзеў, што ў Беларусі гэтая песьня стане сапраўдным гітом.
«Пашкоджаны» мае ўвайсьці ў новы альбом Chiefs Band, але калі адбудзецца яго рэліз пакуль невядома. Праца ідзе досыць павольна, улічваючы татальную занятасьць лідэра каманды. Алесь-Францішак грае ў немалой колькасьці гуртоў, сярод якіх «Крамбамбуля», «J:морс», а цяпер яшчэ і «Трубецкой».
Chiefs Band — Пашкоджаны (музыка Рычы Коцэна, словы Алеся-Францішка Мышкевіча). Зьмяшчаецца са згоды аўтараў.
Tuzin.fm, фота Андрэя Барылы
Ня думаю што трэба, але магчыма можам ўсё зрабіць
І на працягу ночы, я адчуваю, можна не разьбіць
Надзею ў лепшае — стасункі й жыцьцё
А сэрца становіцца прымусам на сваё
Прыпеў:
Шкадаваць заўжды ня трэба, так было ўчора
Да нябёс хутчэй, мы прагнем ля самага мора.
Зробім усё найле-эпш
Ты прымушаеш думаць, што я пакіну смутак назаўжды
Але такой ня буду, прабач, не ўсьміхнецца знак бяды
Я хутка адчую сьпеў кранаючай журбы.
Бо гэта й ёсьць мой сьвет, мой час, мой сон й Мы
Прыпеў.
КАМЕНТАВАЦЬ