
Sciana: быў альбо ня быў?
Адна з самых цікавых айчынных рок-камандаў — берасьцейская Sciana пасьля адрэналінавага канцэрту ў Менску прадстаўляе сваю новую песьню «Кім я быў» у новым туры на «Тузіне Гітоў». Андрусь Клімус: «Тэкст „Кім я быў“ — вынік думкі пра тое, як файна было бы, каб нашае жыцьцё паўтаралася»
Аўтар песень Sciana — бас-гітарыст гурта Андрусь Клімус заўжды падкрэсьліваў у інтэрвію, што ён не аматар тлумачыць свае тэксты — надта яны ў яго выходзяць абстрактнымі і сымбалічнымі: «Кожны пад свой настрой і розум дадумвае тое, што ён хоча пачуць. І гэта вельмі цікава, на мой погляд тым, што дадуманае можа быць адрознае, ад таго, пра што думаў я».
Усё ж для наведнікаў ТГ Андрусь зрабіў выключэньне з правілаў і паразважаў наконт свайго твора: «Тэкст „Кім я быў“ — вынік думкі пра тое, як файна было б, каб нашае жыцьцё паўтаралася. Тады мы пражывалі бы мноства жыцьцяў, і на пачатку кожнага забываліся пра папярэдняе. Калі бы такое было, то кім я мог быць у сваім мінулым жыцьці? Таксама беларусам? Ці палякам? Ці тыбэцкім манахам альбо таміл-іламскім сэпаратыстам? Якім быў мой лёс? І кім была тая дзяўчына, што цяпер глядзіць на мяне? Ці сустракаліся мы — а нешта мне падказвае, што так і было. Калі так і было, на якой мове я казаў ёй тое, што кажу зараз? Як жа шкада, што я не памятаю гэтага і напэўна — ніколі ня ўспомню».
«Кім я быў» увайшла ў новы альбом гурта Sciana «Кропка вяртаньня», які быў прэзэнтаваны ў Менску пры канцы лютага.
Sciana — Кім я быў (словы — Андрусь Клімус, музыка гурта). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
ТГ (з архіву 03.03.2010)
Кім я быў
Словы А. Клімус
Музыка Sciana
Кім я быў для цябе
У мінулым жыцьці сваім?
Гэты час - успамін,
Гэта вечны яго пазітыў.
На якой мове я
Мог калісьці з табой размаўляць?
Гэты час - успамін,
Гэта ўсё, што ён можа сказаць.
Безь цябе і безь мяне,
Гэта цяжка зразумець -
Мы будзем, будзем.
Мы будзем, будзем.
Не тваё і не маё
Але нешта ў гэтым ёсьць.
Мы будзем, будзем.
Мы будзем, будзем.
Чорныя песьні менскага гета
Ужо не ўзгадаць на вяршынях Тыбета.
Лёгка забыць катыньскія ямы
Тыграм вызваленьня Таміл-Іламу.
КАМЕНТАВАЦЬ