Make Yourself
2135 / 0
10.11.2014

Sciana ня верыць у прадвызначанасьць

Гурт Sciana прадстаўляе ў новым туры першы інтэрнэт-сынгл «Make Yourself» з свайго новага альбома, над якім цяпер вядзецца праца. Апынулася, што гэта песьня зьяўляецца лягічным працягам даўняга гіта берасьцейцаў «Можна быць»

«Make Yourself» — першая запісаная песьня гурта Sciana з новай праграмы, над якой музыкі пачалі працаваць адразу па прыезьдзе з украінскага фэсту «Захід-2011». Вакаліст каманды Павал Прохараў кажа, што новыя творы ў музычным пляне розьняцца ад таго, што было прадстаўлена на іх апошнім дыску «Кропка вяртаньня», але тым ня менш свой адметны калярыт гурт захоўвае. Больш за тое — так выйшла, што новы твор «Make Yourself» стаў лягічным працягам даўняга гіту каманды «Можна быць», зь якім музыкі двойчы перамагалі ў чарце на «Тузіне» ў 2005 годзе.

Аўтар песьні Андрусь Клімус кажа, што праз свой твор ён разам з музыкамі імкнецца давесьці кожнаму: «Чалавек сам стварае свой лёс, няпраўду кажуць пра прадвызначанасьць. Таму ня варта мямліць, што ўсё дрэнна наўкол і нічога нельга зьмяніць. Трэба прыкласьці намаганьні і тады можна ўбачыць, што ўсё ідзе да лепшага».

Музыкі кажуць, што падрыхтавалі ўжо да запісу большую частку сваёй праграмы. Але да выхаду пакуль безыменнага дыску, новы матэрыял у сеціва яны выкладаць не плянуюць. Так што «Make Yourself» можна лічыць першай і апошняй ластаўкай зь іх будучага дыску.

На пачатку сьнежня берасьцейскі гурт выпраўляецца ў міні-тур па Ўкраіне. Sciana выступіць 1 сьнежня ў Чарнаўцах, 2-га ў Тэрнопалі, 3-га ў Львове, а 4-га разам з Akute і Terrakod сыграе ў Луцку на фэсьце «Беларуская прысутнасьць», што ладзіцца з ініцыятывы лідэра ўкраінскага гурта «Фіолет» Сяргея Мартынюка.

Sciana — Make Yourself (музыка гурта, словы — Андрусь Клімус). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

 

Тузін Гітоў (з архіву 24.11.2011)

Тэгi: