Нябёсы
7623 / 0
16.12.2014

«Экивоки». Першая спроба (аўдыё)

Гурт «Экивоки» прадстаўляе ў аўдыёчарце на Tuzin.fm песьню «Нябёсы». Гэта першая спроба Аляксандра Сухарава з кампаніяй стварэньня кампазыцыі па-беларуску. Напісаная яна на верш Аркадзя Куляшова.

Песьня «Нябёсы» ўвайшла ў новы альбом гурта «Там буду я», запісаны праз працяглы перапынак. Папярэдні дыск каманды выйшаў у 2006 годзе. У апошнія гады лідэр «Эківокаў» Аляксандар Сухараў працаваў сольна, запісаў дыск «Лирика» (2011), але ўсё ж вырашыў сабраць калектыў разам дзеля запісу кружэлкі.

«Гэта адзіная песьня на роднай мове ў альбоме і наогул мая першая спроба», — кажа Аляксандар Сухараў. Ён доўга падбіраўся да сьпеву па-беларуску. «Ідэя зрабіць песьню ў такім фармаце высьпявала досыць даўно. Мне заўжды досыць складана было зьвяртацца да беларускай мовы, бо я сам не беларус, нарадзіўся на Ўрале. У асноўным пішу ўсю музыку і тэксты да сваіх песень, але тут зьвярнуўся па дамамогу да клясыка», — распавядае сьпявак. Ён скарыстаў верш Аркадзя Куляшова — аднаго з улюбёных беларускіх паэтаў. Твор «Нябёсы — акіян, я знаў даўно…» быў напісаны ў 1962 годзе. Аляксандар хоча ў будучыні зрабіць цыкль песень на яго вершы. Суаўтарам музыкі да гэтай кампазыцыі стаў гітарыст і кампазытар Павал Трацяк, вядомы з працы ў гуртах «Мантана», Sounduk, «J:морс», «Крамбамбуля», «Майтай», Trubetskoy ды шматлікіх іншых.

Сачыць за навінамі каманды можна ў афіцыйнай суполцы каманды ў Facebook.

Экивоки — Нябёсы (музыка Аляксандра Сухарава і Паўла Трацяка, словы Аркадзя Куляшова). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm

Нябёсы — акіян, я знаў даўно

Блакітны, неабсяжны, першародны,

А ўсё, што зорам на зямлі відно,

Ні больш ні менш як сьвет яго падводны.

Тут — водарасьці пушчы векавой,

Бялявых хмар, вятроў бясконцых плыні,

Спрадвечных гор застыўшыя вяршыні,

Усё яго да хваль, што пада мной,

Дзе акіян разьлёгся Атлянтычны…

Тут сьвет другі: і глыбіня, і мель,

І ёсьць прастор, ня меншы за касьмічны,

Для хваль салёных ростам з карабель.

Я — трэці сьвет, я кропелька малая

Тых сьветаў двух — звычайны чалавек,

Што неба і зямлю ў сабе зьмяшчае

І ў сьвет адзін злучае іх навек.