
Зьміцер Вайцюшкевіч: «Красуня-вясна ў бел-чырвона-белым убраньні»
У 15 туры гіт-параду ў сэзоне 2010-2011 на «Тузіне Гітоў» Зьміцер Вайцюшкевіч і WZ-Orkiestra прадстаўляюць свой новы вясновы гіт — «Красуня-вясна», словы да якой напісаў паэт Уладзімер Някляеў пад хатнім арыштам і перадаў сьпеваку. «Прыйшла вясна, а я мяркую, што ў гэтую пору паэт павінен пісаць вершы і дзяліцца зь імі з усім сьветам», — кажа музыка.
Зьміцер ужо доўгі час сябруе з Уладзімерам Някляевым і актыўна падтрымліваў яго падчас прэзыдэнцкай кампаніі. Каб хоць неяк падтрымаць паэта і палітыка ў няпросты для яго час, сьпявак прапанаваў Някляеву напісаць новую кампазыцыю. «Прыйшла вясна, а я мяркую, што ў гэтую пору паэт павінен пісаць вершы і дзяліцца зь імі з усім сьветам», — кажа музыка. Праз жонку паэта Вольгу ён перадаў гэтую сваю ідэю і неўзабаве атрымаў ад яе новы твор Някляева «Красуня-вясна», які той прысьвяціў дзьвюм Волям — уласна жонцы і свабодзе. Не адкладваючы, Вайцюшкевіч разам з сваім WZ-Orkiestra паклаў гэты твор на музыку і запісаў у студыі. Жаночую вакальную партыю выканала жонка Зьмітра — Галіна Казіміроўская.
Жывая прэзэнтацыя «Красуні» адбылася на апошнім легальным канцэрце сьпевака 8 сакавіка. Кампазыцыя можа ўвайсьці ў яго новы альбом, складзены зь песень на вершы Ўладзімера Някляева і Генадзя Бураўкіна, які плянуеца выдаць улетку.
Зьміцер Вайцюшкевіч і WZ-Orkiestra — Красуня-вясна (словы — Уладзімер Някляеў, музыка — Зьміцер Вайцюшкевіч). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
SB, «Тузін Гітоў», архіў 06.04.2011
КАМЕНТАВАЦЬ