Zolki Band сьпелі ад імя камэры відэаназіраньня (аўдыё)
Берасьцейскі гурт Zolki Band прадстаўляе ў аўдыёчарце на Tuzin.fm песьню «аDaM» — самы яскравы нумар з свайго альбому-сэнсацыі «Doŭhi-doŭhi dzień».
Рома f.s.t з гурта Zolki Band прызнаецца, што яму заўсёды было цікава напісаць песьню ад імя камэры відэаназіраньня, ці нават цэлай сыстэмы татальнага кантролю. Гэтае сваё жаданьне музыка якраз рэалізаваў у творы «аDaM», адным зь цьвікоў дэбютніка «Doŭhi-doŭhi dzień». «Канечне, такая песьня павінна была быць выканана ў рамантычна-сумнаватых цёплых колерах. Бо што можа быць прыгажэйшым за асабістае жыцьцё чалавека на экране чужога манітора?» — разважае Рома.
На рахунку гурта пакуль што сумесная песьня з гуртом Landau «Сьнежань», прызнаная наведнікамі Tuzin.fm найлепшай у мінулым музычным сэзоне, згаданы выдатны дэбютны альбом, нетрывіяльны кліп і …аніводнага канцэрту. Жывая прэзэнтацыя альбому Zolki Band заплянаваная на вясну ў родным горадзе музыкаў. Наконт сваіх далейшых намераў Рома адказвае так: «Усе пра гэта пытаюць. А ў нас плянаў няма. Вось наш гітарыст дзьверы новыя ў хаце паставіў, прыгожыя. Вось гэта ў яго было заплянавана. А плянаваць нешта ў музыцы, тым больш у беларускім шоўбізе:), тым больш маладой камандзе, што толькі скончыла сярэднюю школу і атрымала атэстат сталасьці — няўдзячная справа».
Zolki Band — аDaM (музыка і словы гурта). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
Tuzin.fm
адам, ты выжыў адзін
ты правільна, сонца, маўчыш
у сьцен ёсьць вушы, малыш
я помню
я твой лепшы сябар, адам
я бачу, сынок, што ты п’еш
змовай нікога не правядзеш
я помню
(машыны ўключаем і з глузду зьяжджаем)
усё
уключана
усё
адключана —
я
я чую (чую)
я
я бачу (бачу)
шклянымі вачыма, адам
я гляджу, як ты сьпіш
я маю вушы, малыш —
я чую
гэта год лепшых жартаў —
ад сакавіка і да марта
ад сьмеху хочацца плакаць
сьлязамі
(машыны ўключаем і з глузду зьяжджаем)
усё
уключана
усё
адключана —
я
я чую (чую)
я
я бачу (бачу)
у мяне ёсьць твае адбіткі —
я бачу ўсё
я слухаю цябе цераз разеткі —
я чую ўсё
КАМЕНТАВАЦЬ