Дзе ты?
6276 / 0
15.06.2015

«Здань». Увайсьці ў іншае вымярэньне (аўдыё)

Гурт «Здань» прадстаўляе ў 16-м туры на Tuzin.fm сваю песьню «Дзе ты?». Музыкі заўжды граюць яе на пачатку, бо гэты твор дапамагае ім увайсьці ў іншае вымярэньне.

«Асноўная ўласьцівасьць Здані — гэта часам вылазіць, калі ўсе забыліся на тое, што штосьці такое існуе. Нам некалькі разоў ужо казалі, што дарма мы абралі гэтую назву, якая такім нездаровым чынам уплывае на нас саміх», — кажа лідэр гурта Ўладзімер Крумін. Сем гадоў таму яго гурт дэбютаваў на «Тузіне» зь песьняй «Ты зь Менску, я — з Гародні», праз два гады быў яшчэ «Правінцыйны рок-н-рол», пасьля чаго здарылася шматгадовае зацішша. Сёлета гурт нагадаў пра сябе EP «У пошуках ежы», праца над якім вялася ў польскім Уроцлаве. Песьня «Дзе ты?», прадстаўленая ў чарце, якраз з гэтага рэлізу.

«Так склалася, што з гэтай песьні мы заўсёды пачынаем сваю рэпэтыцыю. Яна дапамагае нам увайсьці ў іншае вымярэньне, вымярэньне творчасьці. Мы некалькі разоў падыходзілі да яе запісу, кожны раз зьмяняючы аранжыроўку, але скласьці ў адно гэты пазл атрымалася толькі нядаўна», — распавядае Ўладзімер. Са словаў музыкаў, гэта песьня аб немагчымасьці знайсьці таго, чаго ты хочаш. Толькі кожны з аўтараў, аказваецца, шукаў сваё. Словы Крумін напісаў у супрацоўніцтве з Алегам Вабішчэвічам. Уладзімер больш укладваў сэнс пошукаў краіны, якую хацелася бы бачыць, а ў Алега размова вядзецца хутчэй пра дзяўчыну.

Сачыць за навінамі каманды можна празь іх афіцыйную суполку.

Здань — Дзе ты? (музыка гурта, словы Ўладзімера Круміна і Алега Вабішчэвіча). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm

Я шукаю цябе

На глыбіні бяздоннага мора

Я блукаю ў сьне,

Сьвеце дажджу, неабсяжных прастораў

 

Прыпеў:

А вакол мітусьня, я спрабую пасьпець,

Не хапае вачэй скрозь туман праляцець,

Сьвежым ветрам вясна, проста сэрца кране,

Мой агонь, мой спакой ты дзе?

 

Я малюю жыцьцё, наша з табой, ружовым алоўкам

Я праношу праз час, гэты абраз, сьціплы, лагодны

Я згубіў раўнавагу, вочы расплюшчыў — 

Нада мной шумны горад

І ўбачыў цябе ў суседнім вакне,

А ня ў небе між зорак.

Тэгi: