Гэта я
6242 / 2
18.08.2015

Жанчак і Сімаковіч вярнулі зь небыцьця песьню 30-гадовай даўніны (аўдыё)

Кампазыцыю «Гэта я» на словы паэта Барыса Жанчака выканалі яго жонка — кампазытар і сьпявачка Ларыса Сімаковіч і яго сын Ян — лідэр гурта In Search For.

Напісаная ў 1985 годзе, яна толькі ў 2015 годзе пабачыла сьвет. «Гэта я» ўвайшла ў самотнік гурта In Search For «IRA» і цяпер прэзэнтуецца для аўдыёчарту на Tuzin.fm. Яе аўтар — паэт Барыс Жанчак, які пайшоў у іншы сьвет у верасьні 2013 году. Музыку напісала кампазытарка Ларыса Сімаковіч, яго жонка. «Ведаю, каб не нашкодзіць песьні, трэба казаць, што напісаная вось толькі што, апошняй, напрыклад, восеньню, — кажа спадарыня Ларыса. — Але калі па праўдзе, калі па шчырасьці — яна напісана 30 гадоў назад. Лепш было б, вядома, каб праз 300 — дзеля статуснасьці і рарытэтнасьці. Але загучаць у этэры праз 30 гадоў таксама прывабная прыкмета. Падрабязнасьці стварэньня памяць не захавала. Памятаю толькі чорна-белую клявіятуру фартэпіяна перад сабой і празрыста-халодную танальнасьць до-мажору».

Разам з Ларысай выконвае песьню Ян Жанчак, сын Барыса Жанчака, выдатны вакаліст, які прайшоў школу «Песьняроў» — быў на вакале ў ансамблі пад кіраўніцтвам Барткевіча, а потым выступаў у складзе гурта «Лявоны». У апошнія гады Ян займаецца двума праектамі — гуртамі Yankey і In Search For. «Ідэя зрабіць аранжыроўку ды прасьпяваць гэтую, знаёмую зь дзяцінства, песьню была ў мяне даўно, але калі ад нас сыйшоў Барыс Іванавіч Жанчак, песьня набыла той самы сэнс, зь якiм проста не магла заставацца ў форме ідэі. І паколькі лічу In Search For сваім уласным „праектам жыцьця“, песьня „Гэта я“ ўвайшла ў сынгл майго гурта», — распавядае Ян.

У запісе «Гэта я» таксама ўзялі ўдзел Аляксандар Кулак (гітара) і Сяргей Восіпаў (сякухаці-флейта).

In Search For цяпер актыўна працуе над cваім другім канцэптуальным альбомам «Atonement», які запісваецца з удзелам жывога аркестру і хору. Ян кажа, што стварае той самы маленькі сьвет, у якім яму ўтульна і прыемна. Тут можна паслухаць адзін з трэкаў з будучага рэлізу, а сачыць за навінамі гурта можна празь іх афіцыйную суполку.

Ян Жанчак feat. Ларыса Сімаковіч — Гэта я (музыка Ларысы Сімаковіч, словы Барыса Жанчака). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm

Гэтым воблакам з тваім воблікам — 

зьбег дажджынак і ветру зьбег…

Гэта я адвячоркам восеньскім,

Гэта я ўспамінаю цябе…

 

Гэта намаразь нібы навалач

паўтарае цябе цяпер,

Што мароз са сваёю выяваю —

Гэта я ўспамінаю цябе…

 

Гэтым воблакам з тваім воблікам —

зьбег дажджынак і ветру зьбег…

Гэта я адзінотай восеньскай,

Гэта я ўспамінаю цябе…

КАМЕНТАРЫ:

  • Aла / адказаць
    18.08.2015 / 23:24

    Мая самая любiмая кампазiцыя з альбому "Atonement" гурта In Search For ^_^ !
    Можна пачытаць яшчэ i тут:) : http://intenso-script.livejournal.com/638.html

  • Aла / адказаць
    18.08.2015 / 23:31

    Вялiкi дзякуй за апублiкаваныя нарэшце словы да песнi "Гэта я"! Цяпер можна i падпяваць:).

  • КАМЕНТАВАЦЬ