Музыка супраць вайны
6345 / 0
30.11.2015

Ян Жанчак распачаў сольны праект зь песьні «Музыка супраць вайны» (аўдыё)

Лідэр гурта In Search For абвесьціў пра заснаваньне сольнага праекту. Першы самотнік запісаны на антываенную тэматыку.

«Я як асоба і як музыка выступаю супраць гвалту ва ўсіх яго праявах. Тое, што цяпер адбываецца ў сьвеце, выклікала ў мяне пратэст, злосьць нават, ад гэтых пачуцьцяў нарадзілася музыка. Сэнс ды асноўны пасыл тэксту таксама напісаў сам, спачатку думкі прыйшлі на расейскай мове, але дужа хацелася зрабіць песьню менавіта на роднай мове», — распавёў Ян Жанчак парталу Tuzin.fm з нагоды прэм’еры песьні. З тэкстам песьні музыку дапамаглі паэты Юры Мантачык ды Павал Макееў, а таксама маці — кампазытарка Ларыса Сімаковіч.

«Мне спадабалася, як выйшла песьня. Яна ёмкая, недзе нават агрэсіўная. Лічу, што антываенная песьня такой і мусіць быць. І самы галоўны яе пасыл у тым, каб не рабіць балюча свайму бліжняму, нават калі ён мае іншую пазыцыю», — заўважае музыка.

Сачыць за навінамі выканаўцы можна празь яго афіцыйную суполку.

Песьня «Музыка супраць вайны» возьме ўдзел у пятым туры аўдыёчарту на Tuzin.fm

Ян Жанчак — Музыка супраць вайны (музыка Яна Жанчака, словы Яна Жанчака, Юрыя Мантачыка, Паўла Макеева, Ларысы Сімаковіч). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm

Можа быць, гэта ня ты

Сілай ізноў вырашаеш праблемы

Можа быць, гэта яны

Думкам тваiм абмяжоўваюць тэмы

 

Кожны свой крок помні цяпер

Ды як вырашалі ўсё за цябе

Ты вольны ляцець, марыць, жадаць

Вольны кахаць… а сэрца прагне казаць, што

 

Прыпеў:

Музыка супраць вайны

Што пераможа, што пераможа

Полымя сьціхне ўнутры,

Толькi на імгненьне замёрлае, можа

Бітвы спыніць нам свае,

Грэцца агнём у другім вымярэньні

Той, хто варожы табе,

Сам для сябе абярнецца мішэньню

 

Можа, ты проста забыў

Скронi сiвыя пакутнай матулi

Можа, ты проста ня чуў

Як сэрца яе пайшло за сынамі

 

Як нам цяпер абараняць

Што засталося ня зьнішчана вамі

Навучаныя забіваць

Так заплацілі сваімі правамі