
Песьня, якая выпраменьвае хвалі цяпла (аўдыё)
Зьміцер Вайцюшкевіч і WZ-orkiestra абралі для ўдзелу ў аўдыёчарце песьню «Стары муж» з свайго новага альбому «Камэта» на словы Яраміра Ногавіцы.
«У большасьці беларусаў Чэхія асацыюецца найперш з Кафкам, Гавалам, Прагай і півам, але калі гаварыць пра музыку, то яна невядомая зусім. Лічу, што знаёмства з сучаснай чэскай музыкай варта пачаць менавіта з Ногавіцы, якога ня ведаюць тут, але на сваёй Радзіме і ў Польшчы гэта проста ікона», — распавядае Зьміцер Вайцюшкевіч пра сваю новую працу «Камэта», запісаную з дабраславеньня культавага чэскага паэта і сьпевака Яраміра Ногавіцы.
Для аўдыёчарту Зьміцер абраў з гэтага дыску песьню «Стары муж»: «Яна мажорная, спакойная, некрыклівая, мае глыбокі сэнс і выпраменьвае хвалі цяпла. Варта ёй падзяліцца найперш». У арыгінале кампазыцыя «Starý muž» выйшла на альбоме Ногавіцы «Divné století» (1996), які ў Чэхіі стаў двойчы плятынавым дыскам і атрымаў пачэсную ўзнагароду чэскай Акадэміі папулярнай музыкі. На гэты твор таксама быў зьняты цудоўны кліп. «Гэта вельмі пазытыўная песьня пра чалавека, які чакае і рыхтуецца да старасьці. Але старасьць для яго не пакута, яна яму ў радасьць і разглядаецца, як час для падвядзеньня вынікаў. Пагатоў, ёсьць пад рукою пэндзаль, мальберт, таму можна намаляваць свае мары ці проста ўсё сваё жыцьцё. Да ўсяго, наўкол усё віруе і яго гэта цікавіць. Я сустракаў такіх 80-гадовых асобаў з наіўнымі дзіцячымі вачыма, якія адкрытыя гэтаму сьвету. І сам бы хацеў такім быць у старасьці», — зазначыў Зьміцер Вайцюшкевіч з нагоды прэзэнтацыі песьні на Tuzin.fm.
Па-беларуску кампазыцыя «Стары муж» загучала дзякуючы Андрэю Хадановічу і, вядома ж, Зьмітру Вайцюшкевічу ды WZ-orkiestra (Алег Івановіч, Аляксандар Шувалаў, Вячаслаў Сяргеенка, Канстанцін Гарачы, Андрэй Сапоненка). Песьню ўпрыгожыў таксама сапрана-саксафон удзельніка гурта Apple Tea Віталя Ямуцеева.
Зьміцер Вайцюшкевіч і WZ-orkiestra — Стары муж (музыка і словы Яраміра Ногавіцы, аранжыроўка WZ-orkiestra, беларускі тэкст Андрэя Хадановіча). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
Tuzin.fm
Як пастарэю, буду добра знацца на старым
Віне і кніжным пыле.
Як пастарэю, буду чхаць на ўсіх старых, акрым
Сяброў, што нас любілі.
Набуду пэндзьлі, і пэргамін, і туш —
І сяду ля ракі ў чаканьні целаў, душ,
Твой старасьвецкі муж…
Сьвецкі муж.
Як пастарэю, грошы ўсе патрачу на прыймач,
А рэшту — на кватэру.
Як пастарэю, у кавярні сяду, як глядач,
Зірну і не паверу!
Набуду пэндзьлі, і пэргамін, і туш —
І праз акно глядзецьму, у чый гонар туш,
Твой старамодны муж…
Модны муж.
Як пастарэю, гальштук падбяру да паліто
Ў старэнькім сэканд-хэндзе.
Як пастарэю, то пачну ня піць, як абы-хто,
А выпіваць, як дэндзі.
Набуду пэндзьлі, і пэргамін, і туш…
І ўсё скажу табе бяз словаў — а каму ж! —
Твой барадаты муж…
Даты муж.
26 студзеня а 18-й гадзіне, з нагоды выхаду новага альбома «Камета», Зміцер Вайцюшкевіч запрашае на творчую сустрэчу ў Менску, якую ладзяць нашыя сябры з "Арт-сядзібы" па адрасе пр-т Незалежнасці 58, 3-ці паверх Маскоўска-Венскага гандлёвага цэнтра. Уваход вольны.
КАМЕНТАВАЦЬ