Плакалі ветры
6072 / 0
20.04.2016

Navi. Успомніць усё (аўдыё)

Гурт Navi прадстаўляе ў аўдыёчарце фінальную вэрсію песьні «Плакалі ветры», зь якой скарылі конкурс «Засьпявай 2.0».

На верш «Плакалі ветры» Арцём Лук’яненка і Ксенія Жук натрапілі якраз год таму, калі шукалі на які верш зрабіць песьню для ўдзелу ў конкурсе «Засьпявай 2.0». Тады час напісаньня яшчэ ня быў абмежаваны як сёлета, таму Арцёма і Ксюшу занесла ў 1925 год. Ім дужа спадабаўся невялічкі, просты, але ў той жа час глыбокі  верш Паўлюка Труса — паэта-маладнякоўца, які і сам дужа любіў музыку і займаўся апрацоўкай народных твораў для беларускіх кампазытараў тых часоў — Ісаака Любана, Рыгора Пукста, Уладзімера Тэраўскага ды іншых. Паўлюк пайшоў з жыцьця заўчасна ў 25 гадоў ён сьмяротна захварэў на тыф.

«Нас кранулі гэтыя радкі і яны адразу паклаліся на музыку. Мы падалі гэтую песьню на конкурс і адразу ж уключылі ў свой рэпэртуар. Нам здалося, што яе выдатна дапоўніць Алег Хаменка і было неймаверна прыемна, калі ён згадзіўся», — распавядае Арцём. Яны перамаглі з гэтай песьняй у намінацыі «Сьпяваная паэзія» ў конкурсе «Засьпявай 2.0», а таксама ўзялі першае месца ў другой намінацыі — «Беларускі кавэр» ды атрымалі Гран-Пры конкурсу. Натуральна, што песьню было вырашана давесьці да ладу ў студыі. Цяпер, кажуць музыкі, яна гучыць менавіта так, як трэба.

У красавіку Navi парадавалі таксама сваіх прыхільнікаў новым рэлізам — канцэртным альбомам, які было вырашана назваць паводле даты яго запісу — «Live 14.02.2016». Сачыць за навінамі каманды можна праз афіцыйную суполку.

Navi feat. Алег Хаменка — Плакалі ветры (музыка Арцёма Лук’яненкі, словы Паўлюка Труса).

Tuzin.fm, фота з афіцыйнай суполкі гурта

Плакалі ветры ў дуброве параненай,
Плакалі ў лузе шаўковым.
Помніш ты першае наша спатканьне?
Плакалі ветры ў дуброве.

Вольна кацілася песьня вясновая.
Ёй у грудзях было цесна!..
Сьмела, свабодна да сьветлага, новага
Вольна кацілася песьня!

Плакалі ветры…

Плакалі ветры, у дуброве галосячы,
Плакаў і бор смуглабровы.
Помніш ты наша спатканьне ўвосень?
Плакалі ветры ў дуброве…