Мокрыя
4909 / 0
08.06.2016

Allя. Каханьне без працягу (аўдыё)

Праект Allя, які заснавала сьпявачка Аляксандра Грахоўская, прадстаўляе ў аўдыёчарце на Tuzin.fm песьню «Мокрыя» з свайго трохактавага эратычнага міньёну.

Сьпявачка і танцорка Аляксандра Грахоўская вядомая з свайго ўдзелу ў фольк-тэатры «Госьціца», дрым-бэндзе «Агатка» і фольк-рок гурце By Cry. У сваім сольным праекце Аляксандра Грахоўская паўстае зусім адна — яна аўтарка, вакалістка і акампаніятар. Дэбютны рэліз Allя прэзэнтавала на Tuzin.fm сёлета ўзімку. Якраз песьня з гэтага міньёну «Мокрыя» бярэ цяпер удзел у аўдыёчарце.

«Будзе лішнім казаць пра сэнс і зьмест песьні, як мне здаецца, бо ўсё там дужа проста. Мне было цікава паспрабаваць новае для сябе альбо ў сабе — тое, чаго яшчэ не рабіла, дзе яшчэ не была, у чым яшчэ не жыла. Спачатку шукала аўтараў тэкстаў, але было досыць складана патлумачыць, што я адчуваю, таму ўзялася за напісаньне сама. І я рада па выніку, што атрымала такі досьвед», — сказала сьпявачка з нагоды ўдзелу ў чарце.

На жаль, на гісторыі праекту Allя Аляксандра Грахоўская вырашыла паставіць кропку пасьля прэзэнтацыі трох песень. Ані жывых выступаў, ані студыйнага працягу надалей не плянуецца.

Allя — Мокрыя (музыка і словы Аляксандры Грахоўскай). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm

Тонкія рукі. Набрынялыя вусны

Паху суніцы. Немагчыма напіцца.

Чорны павеі. Шоўкавы сьцёгны.

Льецца таемны пах бессаромны.

Мокрыя…

Палкія…

Распусныя…

Непрыкрыты, непрыстойны,

Бессаромныя, свавольны…

Пахкія гукі. Нетрывалыя рухі.

Бляскат распусны блытае густы.

Сальныя танцы. Бездакорна аддацца.

Солад любошчы. Жорсткасьці горыч.

Жарсныя…

Пекныя…

Юрлівыя…

Непрыстойны, непрыкрыты,

Бессаромныя, свавольны…