Здарожыўся
6105 / 8
20.09.2016

Яўген Барышнікаў перарабіў «Лягу-прылягу» — «без усьмешачкі Ярмоленкі» (аўдыё)

У аўдыёчарце на Tuzin.fm Яўген Барышнікаў прэзэнтуе сваю вэрсію знакамітага гіта ВІА «Сябры», напісанага на словы Ніла Гілевіча.

Выканаўца прызнаецца, што яму ніколі не падабалася самая вядомая вэрсія гэтай кампазыцыі на музыку Эдуарда Ханка і словы Ніла Гілевіча ў выкананьні Анатоля Ярмоленкі. «Песьня гэтая ў мяне заўжды асацыявалася выключна з савецкімі застольлямі — калі за сталом яшчэ сьпявалі, але ўжо толькі песьні з тэлевізара, — распавядае Яўген. — Паглядзець на яе іначай прымусіў артыкул на „Тузіне“, дзе прыводзяцца словы Ніла Гілевіча наконт таго, што крый Бог, гэтую песьню сьпяваць з усьмешачкай! Бо яна зусім пра іншае. Так, зь вялікім зьдзіўленьнем, я адкрыў для сябе праўдзівы сэнс тэксту гэтай песьні, які, прынамсі для майго пакаленьня, сапраўды быў цалкам заслонены савецкай настальгіяй і ўсьмешкай Ярмоленкі. Гэтае дзіўнае адкрыцьцё і прынцыпова іншы настрой і хацелася перадаць у аранжыроўцы. Спадзяюся, яна дапаможа камусьці паглядзець на песьню іначай». Сваю вэрсію Барышнікаў назваў «Здарожыўся» і прысьвяціў яе сьветлае памяці Ніла Сымонавіча Гілевіча.

Яўген Барышнікаў сёлета спраўляе ўжо 10 гадоў сольнай творчасьці, ён актыўна піша песьні і дае канцэрты, але дагэтуль ня мае студыйнага рэлізу. Музыка прызнаецца, што мае матэрыялу на тры альбомы, але пакуль шукае спосаб падачы сваіх песень. «Хацелася б запісаць свае творы ня проста пад адну гітару, але пакуль не да канца прыдумаў як тое можа выглядаць. Ды і аднадумцаў, зь якімі камфортна было б працаваць пакуль не знайшоў», — кажа ён. Сачыць за навінамі гэтага таленавітага музыкі можна праз афіцыйную суполку. Найбліжэйшы ягоны канцэрт — 25 верасьня ў менскім «Графіці».

Паслухаць на Soundcloud

Яўген Барышнікаў — Здарожыўся (музыка Эдуарда Ханка/Яўгена Барышнікава, словы Ніла Гілевіча). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm, фота Алісы Ахрамовіч

Вы шуміце, шуміце нада мною, бярозы,

Калышыце, люляйце свой напеў векавы,

А я лягу-прылягу край гасьцінца старога

На духмяным пракосе недасьпелай травы.

 

А я лягу-прылягу край гасьцінца старога

Галавой на пагорак, на высокі курган.

А стамлёныя рукі вольна ўшыркі раскіну,

А нагамі ў даліну, хай накрые туман.

 

Вы шуміце, шуміце нада мною, бярозы,

Асыпайце, мілуйце ціхай ласкай зямлю.

А я лягу-прылягу край гасьцінца старога,

Я здарожыўся трохі, я хвілінку пасплю

КАМЕНТАРЫ:

  • Максiм / адказаць
    22.09.2016 / 12:40

    Усьмешачкі няма, але ж з'явiлася нейкае напружанне, не зусiм кангруэнтнае настрою мэтафар у тэксце: так гаворыць чалавек, якi ўсведамляе натуральную еднасць жыцця i смерцi, наўдрад цi там будзе нейкi такi надрыў, хутчэй, сусветны спакой :)

  • Eugen Baryshnikau
    Eugen Baryshnikau / адказаць
    27.09.2016 / 17:27

    Максім, еднасьць жыцьця і сьмерці - так, 100% згодны, тэкст пра гэта. Ніякага трагізму. Але гэта яшчэ не "сусьветны спакой", а хутчэй толькі імкненьне да яго. Праз стому — рук, цела, душы. Адсюль напружаньне ў першых куплетах, адсюль акцэнт у назьве. Такая прынамсі была візія :)

  • Екатерина Гузовская-гора
    Екатерина Гузовская-гора / адказаць
    03.10.2016 / 21:43

    Выдатнае выкананне.

  • Eugen Baryshnikau
    Eugen Baryshnikau / адказаць
    15.10.2016 / 15:35

    Дзякуй, Кацярына

  • Boleslaw / адказаць
    19.10.2016 / 12:39

    Прывітаньне! Дазвольце пытаньне не па тэме - як можна набыць Вашы запісы ў высокай якасьці? Можа год таму бачыў Вас у "Подыху струн" і быў вельмі ўражаны! Спампаваў, што змог знайсьці з інэту, але якасьць MP3 дзеля мяне незадавальняльная. Ці можна неяк набыць Вашы песьні ў студыйнай якасьці?

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    19.10.2016 / 15:29

    Дык ня выдаў Яўген яшчэ студыйны альбом. Самі чакаем каторы год:).

  • Boleslaw / адказаць
    19.10.2016 / 16:11

    Дэякуй за адказ! Вельмі жаль, але спадзяюся, што альбом неўзабаве будзе. Будзем чакаць:). На мой погляд - Яўген Барышнікаў адна з найбольш яскравых і прыкметных з'яў у беларускай музыцы апошняга часу.

  • Eugen Baryshnikau
    Eugen Baryshnikau / адказаць
    08.11.2016 / 23:22

    Дзякуй, Баляслаў, за добрыя словы. Пакуль сапраўды студыйных запісаў няма. На тое не стае то часу і сілаў, калі ёсьць грошы, то грошай, калі ёсьць вольны час і сілы. А то ўвогуле ўпэўненасьці, што падобны матэрыял камусьці сапраўды патрэбны ў наш спажывецкі час. Але такія каментары, безумоўна, упэўненасьці дадаюць, за што яшчэ раз вам дязкуй. Спадзяюся, усё будзе.

  • КАМЕНТАВАЦЬ