Навальніца
8409 / 0
11.10.2016

Re1ikt: «Пагроза абавязкова міне» (прэм’ера!)

Напярэдадні выхаду свайго альбому «Kufar» гурт Re1ikt прэзэнтуе на Tuzin.fm новую песьню «Навальніца».

На прызнаньне музыкаў, гэты твор увабраў эмоцыі і ўспаміны зь дзяцінства, якое ў бубнача гурта Алеся Дземідзенкі і вакаліста Ўладзімера Казлова прайшло ў Сьветлагорску. «Гэты гарадок з усіх бакоў абступае лес. І мы зь цікавасьцю і захапленьнем назіралі за прыроднымі зьявамі. І наша новая кампазыцыя ўвабрала ўсе тыя дзіцячыя эмоцыі і ўспаміны. Навальніца — гэта сымбаль пагрозы, якая абавязкова міне: хмары разыдуцца, зазьзяе сонейка і жыцьцё рушыць далей. Так што слухайце гэтую песьню ў цяжкія хвіліны і не губляйце надзею». «Навальніца» была запісаная ў «Studio X» у польскім Ольштыне падчас працы над альбомам «Лекавыя травы», але было вырашана выдаць яе ў наступным альбоме. Тэкст напісаў Уладзімер, музыку — Алесь, а аранжыроўку кампазыцыі зрабілі ўсім гуртом.

Дарэчы, на яшчэ адну «дажджлівую» кампазіцыю Re1ikt хутка зьбіраюцца зьняць кліп. Яшчэ можна паспрыяць ягонаму хутчэйшаму выхаду. Альбом «Kufar» выйдзе 21 кастрычніка, а 10 сьнежня адбудзецца яго прэзэнтацыя ў Менску ў клюбе «Брюге».

Паслухаць на Soundcloud

Re1ikt — Навальніца (музыка Аляксандра Дземідзенкі, словы Ўладзімера Казлова). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm

Апускаецца цемра,

Усё халадзее ды гукi зьнiкаюць

Зь вясковай дарогi вiхор ветру

Падымае засохлае лiсьце.

Я адчуваю iдзе навальнiца,

Мiнулай ноччу мне рукi круцiла

Танчуць чэрцi, топчуць ды топчуць, каласы пшанiцы.

 

Гэта зь неба вада

Нам заўсёды варожай здаецца

Каб узводзiць трэба зламаць

Каб узьляцець трэба разьбiцца

 

Чуюцца ў лесе варяцкiя крыкi,

Стогнуць дрэвы ды плачуць

Быццам ваўкi, яны трапiлi ў сеткi.

То змоўкнуць, то зноўку завыюць

 

Дождж льецца стагодзьдзi

Не засталася сiл, усё згнiла

Голуб вернецца зь весткай,

Разбудзiць надзею

Маланка наскрозь мяне пранімае

Халоднымi кіпцямі за каўнер цяробiць

Пахiнуўшы плечы выходжу зь лесу

Будзе сьвiтанак, бура сыйдзе

 

Гэта зь неба вада

Нам заўсёды варожай здаецца

Каб узводзiць мала зламаць

Каб узьляцець мала разьбiцца