Recha: «Мы выйшлі з зоны камфорту» (аўдыё)
Гурт Recha працягвае экспэрымэнты з поп-музыкаю. Музыкі стварылі песьню для эстраднай сьпявачкі Марыны Вярэніч, якую разам зь ёй выканаў вакаліст каманды Андрусь Такінданг. Кампазыцыя «Ён і Яна» возьме ўдзел у трэцім туры аўдыёчарту.
Дуэтную кампазыцыю вырашана было выдаць асобным сынглам і распаўсюдзіць праз розныя digital-плятформы. Менавіта зь ёю «Рэха» паўдзельнічае і ў аўдыёчарце на Tuzin.fm. «Мы задумалі стварыць поп-прадукт, выйсьці з зоны камфорту. Магчыма, некаторым заўзятарам будзе цікава наша гульня ў беларускі шоўбіз», — кажа Андрусь Такінданг. Кампазыцыю «Ён і Яна» музыка выканаў з Марынай Вярэніч, уладальніцай выдатнага голасу. Летась яна стала ляўрэаткаю конкурсу «Засьпявай 2.0». Працуе Марына ў поп-жаны, але літаральна за некалькі месяцаў стала часткаю «Рэха». «Мы пазнаёміліся выпадкова на адным з канцэртаў па-за Менскам, а потым пасябравалі. Андрусь запрасіў запісаць бэк-вакалы на альбоме гурта, так я і трапіла ў „Рэха“», — кажа Марына. Яна далучылася да гурта падчас летніх гастроляў і тады ж сасьпела ідэя напісаць песьню адмыслова для яе. Музыкі кажуць, што ім дужа цікава балянсаваць між альтэрнатывай ды эстрадай, хоць называюць сябе выхадцамі з андэграўнду.
Запісаная песьня на студыі «Pauluchenia.BY», гукарэжысэрам стаў удзельнік гурта Віктар Паўлючэня. На «Ён і Яна» таксама здымаецца кліп.
Recha feat. Марына Вярэніч — Ён і Яна (музыка гурта, словы Андруся Такінданга). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
Tuzin.fm
Ён і яна,
Як явар з калінай,
Як дрэвы два
Над стромкім абрывам.
Трымаюцца
Карэньнем штосілы.
Менее сілы
Штохвіліны.
Ён і яна
Пад сонцам над стромай.
Ратунку няма
Ад такога праклёну.
Разам балюча,
Стакроць невыносна
Асобна.
Сяброўкі гавораць:
«Дурніца, ня варта
Ўпарта трымацца
За гэта вар’яцтва!»
Варта расстацца,
Варта расстацца.
Клубы і сьцёгны
Маеш нічога,
Знойдзеш другога,
Лепей ад тога.
Варта расстацца.
Варта расстацца.
Але няведама, як,
Няведама, як
Перарваць гэты шлях,
Прыпыніць гэты шлях.
Няведама, як,
Няведама, як…
Але няведама, як,
Няведама, як
На шалях узважыць
Супраць ці за.
Няведама, як,
Няведама, як…
КАМЕНТАВАЦЬ