Асыпае чэрвень белы сад
16693 / 0
09.10.2017

«Сіл няма такіх, каб нас перадушыць!». Ваданосава напісала музыку на верш Дудара (прэм’ера!)

Кацярына Ваданосава і яе Fantasy Orchestra запісалі для праекту парталу TuzinFM «(Не)расстраляная паэзія» песьню на словы Алеся Дудара «Асыпае чэрвень белы сад».

Кацярына кажа, што ўдзел у такім праекце — гонар для яе і музыкаў, бо такім чынам яна можа знаёміць людзей зь вялікім пластам культуры нашай краіны, яе гісторыяй і, вядома, паэзіяй. «Тэма рэпрэсіяў, якая замоўчвалася дзясяткі гадоў і замоўчваецца цяпер, застаецца балючай і блізкай кожнаму з нас», — кажа сьпявачка. Бальшавіцкія рэпрэсіі кранулі і яе сям’ю — беспадстаўна арыштавалі яе дзеда, фэльчара. Яго катавалі ў турме, потым саслалі на будаўніцтва Беламорканалу, а калі ён паміраў у тыфозным бараку, яго выратаваў выпадковы калега-мэдык. Ён вярнуўся зь лягераў і пайшоў ваяваць. «Пра гэта цяжка чытаць, пра гэта цяжка нават думаць, але толькі такім чынам, толькі гаворачы пра гэта ды прапускаючы гэтыя гісторыі праз сэрца, мы зможам пазьбегнуць такога жаху ў будучыні. Таму мы згадзіліся на ўдзел у праекце — каб памятаць і даць нагоду ўспомніць іншым», — тлумачыць Кацярына.

Кацярына з адукацыі гісторык, доўгі час працавала ў Дзяржаўным літаратурным музэі Янкі Купалы, таму даволі добра ведае беларускую літаратуру. І з асобаю Алеся Дудара яна сустрэлася ня першы раз. Яе кранае ня толькі ягоная паэзія, але асоба паэта і ягоны лёс. Дудар — адзін з самых заўважных беларускіх паэтаў 20-х, актор трупы Ўладзіслава Галубка, паліглёт, які вольна валодаў шасьцю замежнымі мовамі і перакладаў з чатырох, ён стаяў ля вытокаў аб’яднаньня «Маладняк» і быў завадатарам вострых літаратурна-палітычных дыскусіяў. Падрабязьней пра ягоны лёс распавядзе дасьледчыца Ганна Севярынец у адкрытай лекцыі праекту «(Не) расстраляная паэзія» 10 лістапада ў кнігарні «Логвінаў».

Песьня «Асыпае чэрвень белы сад» паўстала з музычнай п’есы, якую Кацярына напісала на самым пачатку музычнай кар’еры, у сярэдзіне 00-х. Гэта быў сур’ёзны твор з прапісанымі партытурамі, які бачыўся аўтарцы ледзьве не клясычным творам са струннай аркестроўкай. «Калі я павольна прадэклямавала верш Алеся Дудара, аказалася, што ён амаль ідэальна супадае з рытмікай той даўняй кампазыцыі. Мае музыкі вельмі хутка падхапілі агульны настрой песьні і надзвычай прафэсійна дапрацавалі яе, яна была гатовая літаральна за адну рэпэтыцыю». Сьпявачка кажа, што ў яе дагэтуль прабягаюць мурашы па скуры, калі яна чуе заключнае інструмэнтальнае сола — калі тэкст ужо адсьпяваны, але нібыта ўсё яе цела грае разам з музыкамі.

Fantasy Orchestra зьбіраецца выконваць «Асыпае чэрвень белы сад» і надалей на сваіх выступах, бо яна атрымалася якраз такой, якой хацелі яе чуць музыкі. Кампазыцыя ўвойдзе ў новы альбом каманды, над якім цяпер ідзе праца.

Кацярына Ваданосава і Fantasy Orchestra — Асыпае чэрвень белы сад (музыка Кацярыны Ваданосавай, словы Алеся Дудара)

Асыпае чэрвень белы сад.

Сок калінавы лугі апаясаў…

Глянь, як раніцы чырвонае віно

срэбраногія бярозкі заліло!

Разважалі — быць нам ці ня быць,

шмат зрабілі — трэба шмат яшчэ зрабіць…

Стаў на варце адзінокай сіні клён;

ўсім — і блізкім, і далёкім —

                               наш паклон.

Прывітаньне шчыра — ад душы…

Сіл няма такіх, каб нас перадушыць!

Мора пенай разаб’ецца аб граніт —

хай жа кажуць, што ні мэты, ні граніц.

Заплятайцеся, пралескі, у вянок —

плешча радасьці чырвонае віно.

Будзе вецер сівагрывы варажыць

пра свае і пра чужыя рубяжы.

Што нам пацеркі з старых рабін?

Можам самі сабе сьцежку церабіць;

хопіць сілы для чужых і для сваіх,

каб сабою перамогу засланіць.

Будзе праўда з тым, хто перамог,

пераможанаму — крыўда і ярмо…

Ой ты, клён сінегаловы, стройны клён,

па-над возерам празрыстым, быццам шкло!

Асыпае чэрвень белы сад.

Сок калінавы лугі апаясаў…

Нашай раніцы чырвонае віно

срэбраногія бярозкі заліло.

(1927)