Ты помніш
28122 / 0
20.10.2017

«Мы пакляліся жыць і любіць. Любіць і жыць». Вяртаньне Юлія Таўбіна (прэм’ера+лекцыя!)

Забыты беларускі геній, жыцьцё якога перарвалі бальшавікі ў 26 гадоў, вяртаецца ў культурную прастору дзякуючы праекту парталу TuzinFM «(Не)расстраляная паэзія», Андрэю Хадановічу і Лявону Вольскаму.

Лявон Вольскі прыгадвае эпізод зь дзяцінства: ён гартае даведнік «Саюз пісьменьнікаў Беларусі» і зьдзіўляецца, што жыцьцё вялікай колькасьці творцаў перапынілася ў адным і тым жа годзе — 1937-м. Неўзабаве ён даведаецца, што памерлі яны не са сваёй волі. Фармальная рэабілітацыя ў 1950-х мала што зьмяніла. «Забітыя літаратары засталіся як бы непажаданымі ўсё адно. Дзяржава іх зьнішчыла, а потым зрабіла выгляд, што нічога не было. Нібыта, не было ніякіх паэтаў і пісьменьнікаў. Альбо недзе там былі, але гэта ўсё настолькі нязначна, што ня варта й згадкі. Таму так важны праект, які вяртае іх імёны і творы», — разважае музыка.

ПАДТРЫМАЦЬ ПРАЕКТ НА TALAKA.BY

Для праекту «(Не)расстраляная паэзія» Вольскі напісаў песьню на верш Юлія Таўбіна «Ты помніш». «Мяне кранула лірычнасьць. Кожны калісьці піша верш пра цёплае мінулае, пра нейкія фрагмэнты юнацтва, пра нейкія кранальныя згадкі. Яшчэ кранула, што аўтар, нібыта, ня хоча сталець, ісьці ў дарослае разважлівае жыцьцё, са шкадаваньнем гаворыць, пра тое, што мы непазьбежна пасталеем і страцім гэтую сваю юнацкую сьвежасьць успрыманьня сьвету і імпэт. Ён ня ведае, што застанецца назаўсёды маладым…» — кажа Лявон і прызнаецца, што пра Таўбіна раней практычна нічога ня ведаў і не чытаў ягоныя творы, проста чуў такое прозьвішча. Па прачытаньні гэтага верша, у яго адразу нарадзілася музыка.

Юлія Таўбіна называюць «забытым беларускім геніем». Гэта паэт рэдкага таленту і на дзіва раньняй творчай сталасьці. Адна з найбольш недаацэненых постацяў у айчыннай літаратуры 20—30-х гадоў ХХ стагодзьдзя. Аўтар трох вершаваных зборнікаў і шасьці паэмаў. Бліскучы перакладчык, які пераствараў па-беларуску вершы Гайнрыха Гайнэ. Яго жыцьцё перапынілі заўчасна — арыштавалі ў 22 гады, расстралялі ў 26 гадоў, на доўгі час ягонае імя забылася. Вяртаньне Таўбіна адбылося шмат у чым дзякуючы Андрэю Хадановічу, які рыхтаваў лекцыю для праекту «(Не)расстраляная паэзія» і настолькі зачараваўся ягонай паэзіяй, што вырашыў укласьці кнігу вершаў. Прэзэнтацыяй зборніка Таўбіна і адкрытай лекцыяй пра яго творчасьць у кнігарні «Логвінаў» распачалася адукацыйная частка праекту.

НАБЫЦЬ КВІТОК НА КАНЦЭРТНУЮ ПРЭЗЭНТАЦЫЮ ПРАЕКТУ «(НЕ)РАССТРАЛЯНАЯ ПАЭЗІЯ»

«Таўбін жыў у змрочны і жудасны час з усёй гэтай пякельнай сыстэмай даносаў, судоў, допытаў і забойстваў. Дзіўна і страшна, што ўсё болей людзей крычыць пра „вялікага Сталіна“, пра тое, што ўсё правільна, бо „час быў такі“ і пра зіхоткі і недатыкальны Савецкі Саюз, які трэба вярнуць. Ванітуе ад гэтых „лініяў Сталіна“, помнікаў і бюстаў правадыру народаў і крыкаў пра тое, што „пры Сталіне такога б не было“. Тыя ідыёты, якія гэта ўсё крычаць, не разумеюць, што пры Сталіне іх саміх даўно б не было. Ляжалі б сабе ціхенька ў жоўтым пясочку», — кажа Лявон Вольскі. У якасьці напаміну пра той час і дзеля ўшанаваньня памяці ахвяраў рэпрэсіяў, музыка будзе выконваць гэтую песьню на сваіх канцэртах. Упершыню яна прагучала на канцэрце ў Prime Hall у верасьні.

Лявон Вольскі — Ты помніш (музыка Лявона Вольскага, словы Юлія Таўбіна).

TuzinFM

Ты помніш, помніш, безумоўна,

І тую ноч, і той настрой,

Што панаваў над намі роўна —

І над табой, і нада мной…

 

Драты дрыжалі пераборам,

Аб нечым дзіўным месяц сьніў,

І рысы даўняга сабора

Так чотка млелі ў вышыні.

 

Нячутна шамацела лісьце,

Саткалі зоры з срэбра ніць…

У тую ноч мы пакляліся

Жыць і любіць…

 

                Любіць і жыць.

І мы жылі… І мы любілі…

І несьлі прагу і любоў…

Часы дзяціных сноў-ідылій

Да нас ня вернуцца ізноў…

 

Жыцьцё далей нас весьці стане,

Надорыць новых песень-дум,

І мужнай сталасьці жаданьні

На нас пячатку пакладуць.

 

А ўжо ня вернецца з гадамі

Ні тая ноч, ні той настрой,

Што панаваў тады над намі —

І над табой, і нада мной.

(1929)