Штэрн пра жудасную восень Гартнага. Працяг «(Не)расстралянай паэзіі» (прэм’ера)
Беларуска-ізраільска-францускі праект N.O.I.R./Stern прэзэнтуе на TuzinFM песьню «Восень» на словы Цішкі Гартнага ў якасьці бонусу да праекту «(Не)расстраляная паэзія».
Барыс Штэрн выказаў жаданьне далучыцца да праекту TuzinFM, прысьвечанаму рэпрэсаваным беларускім пісьменьнікам адразу ж, як пра яго пачуў. «Мы нарадзіліся ў той самай краіне, пры той самай ідэалёгіі, якая панавала ў 1930-х. І гэты праект, як інструмэнт супраціву, творчая зброя, ужываньне якой гарантуе, што камуністы ці нехта яшчэ ня здолее гэта зрабіць ізноў», — кажа Барыс, беларускі музыка і журналіст, які ўжо амаль 15 гадоў жыве ў Ізраілі. Сёлета праект Штэрна «СлухацьУнавушніках» адзначыўся яскраваю песьняю «Зіма». Магчыма, гэта таксама часткова паўплывала на выбар вершу для ўдзелу ў бонуснай частцы праекту «(Не)расстраляная паэзія» — «Восень» аўтарства Цішкі Гартнага.
Цішка Гартны (Зьміцер Жылуновіч) шчыра верыў у спалучэньне нацыянальнай і камуністычнай ідэі. Фактычна ён быў ідэолягам БССР і першым яе кіраўніком. Але перадусім гэта творчы чалавек — паэт, кнігавыдавец, акадэмік. На хвалі беларусізацыі яму хацелі надаць званьне народнага паэта, але празь некалькі гадоў выключылі з партыі па абвінавачваньні ў сувязі з «нацдэмаўскімі і фашысцкім элемэнтамі». Жылуновіча арыштуюць увосень 1936-га, а ўвесну 1937-га перавядуць з турмы ў вар’ятню ў Магілёве, дзе ўсяго праз 4 дні ён памёр. Па адной вэрсіі — засадзіў ножку ложка сабе ў рот, па-другой — яго самагубства сымітавалі супрацоўнікі НКУС, па-трэцяй — ад хваробы. (20 фактаў пра Зьмітра Жылуновіча)
Цішка Гартны зь сям’ёй (1929)
«Гартны — вядомы мне паэт. Мне здаецца, што яго творчасьць была часткаю школьная праграмы. Тады ён успрымаўся, як яшчэ адзін паэт. Сёньня ягоныя творы выглядаюць інакш. Гэта глыбокі, тонкі паэт і ў той жа час вельмі моцны», — дзеліцца ўражаньнямі Барыс Штэрн. Ён вырашыў зрабіць трэк разам са сваім калегам — Дзьмітрыем Токаравым, даўнім менскім сябрам, які таксама зьехаў з роднае краіны і цяпер жыве ў Францыі. Дзьмітры напісаў музыку, спрычыніўся да гэтага і францускі музыка Dandy Sonore (музыка, сэмплы).
Міжнародны праект рыхтаваўся паўгоду. «Мы доўга дасылалі адзін аднаму лісты, вырашалі які зь вершаў Гартнага ўзяць. Усё вырашыла восень. І ягоная восень таксама. Таму гэты верш. У Менску якраз восень, з дажджамі ды сьнегам. Той самы складаны момант, калі горад з рознакаляровага зьмяняецца на шэры. Атрымалася жудасна», — кажа пра выбар трэку і пра вынік Барыс Штэрн. Так супала, што музыкі даслалі гатовы трэк роўна ў той дзень, калі ва ўласнай кватэры быў арыштаваны паэт.
Трэк «Восень» праекту N.O.I.R./Stern таксама можна пачуць на Bandcamp. У гэтым сэзоне ён возьме ўдзел у чарце на TuzinFM. Музыкі таксама спадзяюцца, што атрымаецца сабрацца разам, каб выканаць яго ўжывую.
N.O.I.R./Stern — Восень (музыка Дзьмітрыя Токарава і Dandy Sonore, словы Цішкі Гартнага).
TuzinFM
I сумна, і нудна, і вецер пяе —
Асенняя песьня жудой аддае…
Прыбрана ў полі, і пуста вакруг,
Адзежаю смутна апрануты луг.
Расьліны жывое нідзе не відаць,
Ні голасу птушак нідзе не чуваць.
Толькі і ўбачыш па чорнай ральлі
Сямейку сяўцоў невясёлых калі.
Ды мучаюць вуха ўсё крыкі варон,
Зьлятаючых у кучу з усенькіх старон.
Ды вока яшчэ хіба можна спыніць
На нівах адзетых, дзе рунь зеляніць.
I сумна, і нудна! Пад вечар і з раньня
Бялеюць усюды густыя туманы.
I хмаркі, як дзеці заклятай нуды,
Пярэсьцяць і смуцяць там неба ўсягды.
I сумна, і нудна! I жаль так бярэ,
Што восень ізноў зажыла на дварэ,
Што так неўспадзеўкі ў негаданы час
Цяпло і прывольле пакінула нас.
(1909)
малайцы мы з жыбулем гадоу 7 назад таксама записали нешта мастацка-паэтычна-имправизацыйнае пра гэтых забитых добра што будкин узяуся за гэтую тэму http://budzma.by/column/muzahliad/viktar-zhybul-knyaz-myshkin-vyera-burlak-noch-z-dnyom-pasyaredzinye-2011.html
Дзякуй, Лёня! -))))
КАМЕНТАВАЦЬ