Вятры
14662 / 4
29.11.2017

Песьня болю і адчаю. Zanzibar ажывіў «Смарагды кроз» Сяргея Астрэйкі (прэм’ера)

У музычным дадатку да праекту TuzinFM «(Не)расстраляная паэзія» гурт Zanzibar прэзэнтуе песьню «Вятры», паводле ўрыўку з паэмы расстралянага паэта Сяргея Астрэйкі. Музыку да яе напісаў лідэр каманды Root, прадзеда якога таксама забілі па даносе ў той жа час.

Напісаць песьню на верш кагосьці з расстраляных паэтаў Root захацеў яшчэ пару гадоў таму, калі пачуў як сучасныя літаратары чытаюць творы сваіх калегаў з 1930-х. «Тэма для мяне надзвычай блізкая, бо я яшчэ з маленства ведаў гісторыю свайго прадзеда, які быў рэпрэсаваны па даносе за тое, што распавёў у кампаніі сяброў палітычную показку пра Сталіна. Ён быў сасланы ў ГУЛАГ, а затым праз пэўны час расстраляны. Пра ягоны лёс і месца пахаваньня сваякі даведаліся ўжо ў 1990-я, калі Беларусь атрымала незалежнасьць», — распавядае музыка.

Для праекту «(Не)расстраляная паэзія» гурт Zanzibar запісаў песьню «Вятры», паводле часткі паэмы «Смарагды кроз» Сяргея Астрэйкі. Твора з надзвычай багатай мовай, псыхалягічна няпростага. «Калі чытаеш гэтыя радкі, проста адчуваеш гэты стан, нейкай прыгнечанасьці, безвыходнасьці. Там шмат вартых кавалкаў, але неяк пэўны час не атрымлівалася перадаць праз музыку гэты эмацыйны пасыл, складана было намацаць хвалю, пакуль я не дайшоў да апошніх слупкоў, напэўна самых моцных. І тады ўсё паўстала на свае месцы, неяк імгненна, проста супала музыка, словы. Адбылося гэтае, так бы мовіць, магічнае пераўтварэньне, і ўсё атрымалася. Падчас рэпетыцыяў у нас саміх мурашы беглі па скуры. Таму нам сапраўды не сорамна за нашую працу», — распавядае выканаўца.

Паэт Сяргей Астрэйка (1912—1937) паходзіць зь сялянскай сям’і, ён з Каласоўшчыны, што на Случчыне. Друкавацца пачаў з 16 гадоў і адразу ж засьведчыў сваё глыбокае веданьне мовы, яе тонкае эстэтычнае адчуваньне. Уразіў сучасьнікаў паэмай «Бэнгалія» (1930), але пра яе засталіся толькі ўспаміны, у тым ліку, што ёй захапіўся Янка Купала. Сам жа рукапіс згінуў. Таленту паэта не далі разгарнуцца, ня выйшаў нават дэбютны зборнік паэта «Смарагды кроз». У 21-гадовым узросьце яго арыштоўваюць і ссылаюць у Сыбір, а праз чатыры гады расстрэльваюць — 13 верасьня 1937 году. Упершыню ягоныя творы былі апублікаваныя толькі пасьля рэабілітацыі, у 1960-х.

Сяргей Астрэйка

«Важна захоўваць тыя кавалкі і аскепкі, якія засталіся пасьля масавых рэпрэсіяў 1930-х. Тады меркавалася зьнішчыць саму ідэю беларускай нацыі разам зь яе носьбітамі. Але ня ўсё так проста, бо калі хоць адно зярнятка трапляе ў глебу, то гэтая ідэя працягне жыцьцё. Паэты і творы тых часоў для нас уяўляецца такім насеньнем, а мы самі — глеба. І я веру, што нас чакае ўрэшце добры ўраджай!» — кажа лідэр гурту Zanzibar.

Zanzibar — Вятры (музыка гурту, словы Сяргея Астрэйкі)

TuzinFM

Наплывае адчай, і зыбаецца сум

Павуціннаю кволкасьцю баб’яга лета.

Нас халодныя ветры латошаць, трасуць,

У тумане прапалі імклівыя мэты.

 

Наплывае адчай, і зыбаецца сум.

Крыльляў порсткіх ніяк ня ўзьняць.

Парахня

Пераела нутро, збузавала красу.

Не адходзіць ад нас ні на крок цішыня.

 

Нашым дзеям сьмяротны прыйшоў рачанец.

Дзіды часу навылет пратнулі нутро.

Воблік наш гартаваны ў гадах учарнеў

Ад туманнай імжакі і зыркіх вятроў.

 

Прыпеў:

Мне страшна за вас, дарагія сябры

За вокнамі веюць ліхія вятры

Пабудзьце ў хаце са мной да зары

За вокнамі веюць ліхія вятры

 

Нашым дзеям сьмяротны прыйшоў рачанец.

Нас адкінулі шуфлем у згоніны веку,

Як сьвятлом каганцовым жыцьцё мільгане,

Прыляціць мо рыданьне аднекуль?

 

Больш ніколі ня ўбачым трывожнай зары, 

Палахлівых кастроў прыгуменнай рабіны.

Наш апошні з грудзей анямелых узрыд

Па жыцьці засумуе і ў далях загіне.

 

Мне страшна за вас, дарагія сябры

За вокнамі веюць ліхія вятры

Пабудзьце ў хаце са мной да зары

За вокнамі веюць ліхія вятры

 

Больш ніколі ня ўбачым трывожнай зары 

(Нас, пахілых, нядэшлых, зямлёй занясе).

 I бяз нас будуць зь ветрам аўсы гаварыць,

 I начамі купацца ў квяцістай расе.

 

Шмат гадоў перажыта, загашана дум,

Неўпынёных узьлётаў разьвеяна ў полі.

Так напісана, мусіць, было на раду…

То спружынавы росхін трагічнае долі…

Шмат гадоў перажыта, загашана дум…

Усё бліжэюць магілы халоднай абрысы.

Разьвітаньне ўсім, што за намі ідуць,

Чые сэрцы гараць, як разьдзьмуханы прысак!

Прыпеў.

КАМЕНТАРЫ:

  • Tim Padvitski
    Tim Padvitski / адказаць
    03.08.2018 / 12:13

    Паважанае спадарства, падкажыце каліласка гэты верш з паэмы «Смарагды кроз» Сяргея Астрэйкі? дзе я магу набыць ці пачытаць гэты твор?

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    03.08.2018 / 13:33

    Цалкам паэма не выдавалася, ані пры жыцьці, ані пасьля рэабілітацыі аўтара. Урывак зь яе, які і быў уласна ўзяты для песьні, друкаваўся вось у гэтым выданьні:

    Расстраляная літаратура/Уклад. Л. Савік, М. Скоблы, К. Цвіркі; Прадм. А. Сідарэвіча; Камент. М. Скоблы, К. Цвіркі. — Мінск: Кнігазбор, 2008.

  • Tim Padvitski
    Tim Padvitski / адказаць
    03.08.2018 / 16:58

    Дзякуй вялікі!

  • Tim Padvitski
    Tim Padvitski / адказаць
    12.08.2018 / 23:30

    Мова ў вершы няпростая, магчыма хтосці падкажа пераклад на расейскую слова "росхін"? Загадзя дзякуй.

  • КАМЕНТАВАЦЬ