Шчыры панк-гімн роднаму гораду ад гурту Dzieciuki (аўдыё+відэа)
У зімовым туры гурт Dzieciuki прэзэнтуе новую песьню «Гародня», якая была запісаная ў студыі праграмы Belsat Music Live.
Аўтарам словаў да «Гародні» стаў Алеся Дзянісаў. «Гэта песьня больш асабістая для мяне, — кажа музыка. — Бо там шмат пра тое, як праходзілі мае маладыя гады ў родным горадзе. У той жа час згадваюцца і гістарычныя гарадзкія сымбалі. Такая кароткая замалёўка, бо пра ўсё ў адной песьні ня скажаш, але любоў да свайго гораду, спадзяюся, перадаць удалося». Дарэчы, тут і тут можна пачытаць захапляльныя матэрыялы Алеся пра нефармальную гісторыю Горадні другой паловы XX стагодзьдзя, якія ён напісаў для TuzinFM.
Глядзець цалкам выданьне Belsat Music Live з гуртом Dzieciuki
Cамі Dzieciuki зьезьдзілі гэтай восеньню ў чарговы эўрапейскі тур і далі зь дзясятак канцэртаў у Польшчы, Чэхіі і Нямеччыне. Выйшла таксама тэлевэрсія выступу гурту на 10-годзьдзі тэлеканалу «Белсат». Дадаткова Алесь Дзянісаў прэзэнтаваў сваю шматпакутную праграму «Кароткая гісторыя Беларусі» ў Бабруйску, Магілёве і Берасьці. За навінамі каманды можна сачыць праз афіцыйную суполку.
Dzieciuki — Гародня (музыка гурту, словы Алеся Дзянісава)
TuzinFM, фота kulafoto.pl
Дзяцінства прайшло на «Проспекте».
З «Шанхаем» і «луніскімі» біліся старшыя.
«HMR — сила!» — маляваў на плоце.
Шаўчук і Цой на бабіне.
І піва ў трохлітровых банках,
І першы фінгал ад гапаты.
Шчырыя акорды анарха-панка.
З «сэканда» блакітныя «Камэлоты».
Гародня! Жыву ў Гародні!
Усе дарогі вядуць ня ў Рым,
Яны вядуць да цябе.
Гародня! Памру ў Гародні!
Усе шляхі вядуць ня ў Менск,
Яны вядуць да цябе!
Супраць ГЭС на Арапцы,
Забівон на Савецкай з РНЕ.
Дрыгва-футбол у Калоскім парку,
Тусы ў «Клетке» і «кофейне».
Шэрая пляма Тызэнгаўза плошчы,
Сьвятога Губэрта алень,
Сьціплая прыгажосьць Каложы,
Фары Вітаўта змрочная цень.
Гародня! Жыву ў Гародні!
Усе дарогі вядуць ня ў Рым,
Яны вядуць да цябе.
Гародня! Памру ў Гародні!
Усе шляхі вядуць ня ў Менск,
Яны вядуць да цябе!
І можна гадаць на кававай гушчы,
Шукаць канцы ў мутнай вадзе.
Я ня ведаю чаму гэты горад
У маім сэрцы і галаве.
Магчыма, таму, што тут нарадзіўся,
Магчыма, таму што вучыўся і жыў.
Але ўпэўнены: хто бачыў гэты горад,
Адразу таксама яго палюбіў!
Гародня! Жыву ў Гародні!
Усе дарогі вядуць ня ў Рым,
Яны вядуць да цябе.
Гародня! Памру ў Гародні!
Усе шляхі вядуць ня ў Менск,
Яны вядуць да цябе!
КАМЕНТАВАЦЬ