
Зіма і лета сустракаюцца ў новым творы этна-трыё «Троіца» (аўдыё+відэа)
У зімовым чарце на TuzinFM Іван Кірчук, Юры Дзьмітрыеў і Юры Паўлоўскі прэзэнтуюць жывы запіс вясновай песьні пра тое, як зіма зь летам стракаецца, зроблены ў студыі праграмы Belsat Music Live.
Іван Кірчук кажа, што тэкст сьпеву «Зіма зь летам» ён узяў са зборніка беларускай народнай творчасьці «Веснавыя песьні». Музыку да яе напісала этна-трыё «Троіца», яна ўжо выконваецца на канцэртах, а студыйны варыянт мяркуецца запісаць падчас працы над новым альбомам. Працу над ім музыкі неўзабаве пачынаюць. У гіт-парадзе на TuzinFM прэзэнтуецца жывы запіс гэтай песьні, зроблены для праграмы Belsat Music Live.
Глядзець цалкам выданьне Belsat Music Live з удзелам этна-трыё «Троіца»
«Троіца» ў гэтую восень ды ў першы месяц зімы дала шэраг шыкоўных канцэртаў. Музыкі зьезьдзілі з трыма канцэртамі ў Эстонію, выступілі на вулічным фэсьце Vulica Brazil у Менску і на «Карпати фест» ва Ўкраіне, далі вялікі сумесны канцэрт з гуртом «Камэрата» ў дзяржаўнай філярмоніі ды сыгралі сэт на 10-годзьдзі «Белсату» (глядзець відэа). Скончаць музыкі 2017 год утульным канцэртам у клюбе «Графіці».
Этна-трыё «Троіца» — Зіма зь летам (музыка гурта, словы народныя)
TuzinFM, фота Alexey Subbotin
Зіма зь летам стракаюца. Зіма ў лета пытаецца.
Чаму цябе лета хвалюць, а мяне зімачку ганюць.
Бо, ты зімка з маразамі, а я лета з каласкамі.
Бо ты, зімка са сьнягамі, а я лета ды, з хлябамі.
Пайшла зімка паплакаўшы, а лецечка паскакаўшы.
Стары дзяды ў гусьлі йграюць, люту зіму памінаюць.
КАМЕНТАВАЦЬ