
«Іван і Бог» ад «Цмокаў». Песьня, якой не ставала беларускай музыцы (аўдыё)
Знакавы гурт на беларускай рок-сцэне пачатку 00-х вярнуўся з жорсткім і кранальным да мурашоў дэльта-блюзам, у якім распавядаецца пра лёс цэлага пакаленьня беларусаў.
«Іван і Бог» — песьня пра савецкую калектывізацыю, пра лёс майго раскулачанага ў канцы 1940-х прадзеда, а таксама дзясяткаў тысяч іншых прадзедаў, — кажа Андрэй Скурко, аўтар словаў і бас-гітарыст гурта. — Беларусы да сярэдзіны ХХ стагодзьдзя былі сялянскай нацыяй. Калектывізацыя была капітальным зломам, вартым формы народнай легенды, у якую гэты сюжэт укладзены. Тэкст круціўся ў галаве многа гадоў у розных варыянтах, і ўрэшце быў напісаны за вечар разам з музыкай. Мікола паслухаў і сказаў: „Бандыцкая песьня“. І зрабіў з рамантычнай ірляндзкай баляды жорсткі дэльта-блюз. Калі паспрабавалі іграць той блюз з Жэнем, з ударнымі, гук пацяжэў і выйшла ўрэшце тое, што вы чуеце».
Каб запісаць песьню «Іван і Бог» музыкі ўпершыню сабраліся празь перапынак у сем гадоў. «Навошта? А навошта людзі займаюцца сэксам? Дзеля ўласнага задавальненьня, канечне. Апроч таго, маецца матэрыял, які мы хочам паказаць людзям», — камэнтуе вакаліст гурта Мікола Шакель.
«Цмокі» пры канцы 90-х дзялілі сцэну з «Улісам» ды «Новым небам», выдаваліся на першых беларускіх CD-складанках. У другой палове 00-х яны выступалі пад назваю Band_А і зь песьняю «Рэвалюцыя» трапілі ў топ-12 гітоў сэзону на «Тузіне» ў 2007 годзе. З трэцім заходам на сцэну яны вырашылі вярнуцца да першапачатковай назвы.
Цмокі — Іван і Бог (музыка гурта, словы Андрэя Скурка). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
TuzinFM
Ноччу Івану сасьніўся Бог
і сказаў яму Бог: Іван,
прадай зямлю, забірай сям’ю
і ўцякай за акіян.
Бо скора надыдуць ліхія гады
і будзе іх 52.
Калі зараз мяне не паслухаеш ты,
калі зараз мяне не паслухаеш ты,
нават Я не ўратую вас.
Паслухай, пекла ідзе сюды
імя яму будзе калгас.
Там сьвята няма і праўды няма,
а ёсьць толькі працадзень.
Там прыхадзень будзе з тваіх дзяцей
рабіць другасортных людзей.
Там сьвята няма і праўды няма,
такога як ты чакае турма,
сям’ю тваю — Казахстан.
Вырасьце лес на тваім двары,
рабамі стануць гаспадары —
ратуйся, бяжы, Іван.
Сьпіцца і сьніцца, думаў Янук
выходзячы на ральлю.
Як можа быць вінаваты плуг
у тым, што арэ зямлю?
Я гэтае поле потам паліў —
хто зможа яго забраць?
Насустрач дарогай круціўся пыл,
насустрач дарогай круціўся пыл
з-пад ботаў чырвоных салдат.
Калі зараз мяне не паслухаеш ты…
КАМЕНТАВАЦЬ