«Мы не разьвіталіся яшчэ са страхам». Прэм’ера ад Веры Бурлак (аўдыё)
Сьпявачка Вера Бурлак прэзэнтуе ў межах праекту «(Не)расстраляныя» песьню «Дарога», якая напісаная на верш беларускага паэта Сяргея Мурзо, расстралянага ў 1937 годзе ва ўзросьце 25 гадоў.
У музычным праекце парталу TuzinFM, прысьвечаным рэпрэсаваным беларускім пісьменьнікам 1930-х, стала на адзін трэк болей. Песьню зь верша Сяргея Мурзо зрабіла Вера Бурлак разам з Вольгай Падгайскай (клявішы) і Настасьсяй Карпенкай (скрыпка). Ідэя песьні зьявілася летась, калі Вера атрымала выклік ад Віктара Жыбуля ў эстафэце «Ланцуг памяці». Сёлета адмыслова для праекту «(Не)расстраляныя» яна была запісаная ў студыі Everest.
Cяргей Мурзо (1912—1937)
«У маладой паэзіі 20-х — 30-х шмат цікавага, шмат творчага пошуку, у ёй адчуваецца рытм і настрой часу, калі людзі напраўду верылі ў магчымасьць збудаваньня новага сусьвету, адчувалі сябе на парозе новай эпохі, — кажа сьпявачка. — Гэта вельмі сьмелае гучаньне, радасная адкрытасьць ня толькі сьвежым вятрам, але і бурам. І часам — адначасова — страх, магчыма, нават не ўсьвядомлены, зь неасэнсаванай крыніцай. Відавочна, той, пра якую мы сёньня добра ведаем».
Падтрымаць праект «(Не)расстраляныя» і замовіць унікальнае кніжнае выданьне
Вера кажа, што беларускім паэтам таго часу ня надта пашчасьціла з імгненным і масавым ператварэньнем іх вершаў у песьні. Але вартых вершаў вельмі многа. «Я лічу, што вершы 1920—1930-х гг. не састараваюць: так, яны — адбітак свайго часу, але актуальнасьці ня страчваюць, і ня толькі гістарычнай. Досьвед імкненьня да ўласнай ініцыятыўнасьці, свабоды, адказнасьці за будучыню надзённы і сёньня. І са страхам мы, на жаль, таксама не разьвіталіся. Гэты вопыт яшчэ ня пройдзены, і таму гэтыя вершы і песьні на іх мусяць гучаць сёньня».
Пра жыцьцё і творчасьць Сяргея Мурзо ў адкрытай лекцыі распавядзе Віктар Жыбуль. Імпрэза пройдзе ў аўторак, 16 кастрычніка ў 19:00 у менскай кнігарні «Логвінаў». На ёй адбудзецца і жывая прэзэнтацыя «Дарогі».
Вера Бурлак — Дарога (музыка Веры Бурлак, словы Сяргея Мурзо). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
TuzinFM
З высі сыплецца мяккі сьнег,
Фурман сонны ўскрыкнуў ліха,
Бомаў звонкіх разьнёсься сьмех,
Даль устрывожыў і… ціха, ціха…
Што маўчыш, скажы, дарога?
Рытмам рваным пульсуеш мне кроў.
Бачыш жыцьця, агнёў многа
Сярод сьнегам засланых двароў.
Там ўдалі курацца трубы,
Белы дым гоніць ўвысь, гоніць вон.
Я іду… усьміхаецца люба
Даль чырвоным сьветам вакон.
Сьпявай, вецер, пра хор ля машын,
Пра вясёлы разьбег шасьцярон,
У вечар сіні, у такой цішы
На дарозе бы нешта сьцярог.
Што маўчыш, скажы, дарога?
Кроў ня стыне — кіпіць у жылах кроў!
Глянь!.. жыцьця, агнёў многа
Сярод сьнегам засланых двароў!
[1930]
КАМЕНТАВАЦЬ