Частуханы
7118 / 0
25.11.2018

«Спачатку быў ступар». Паша Трабл пра джаз-вэрсію «Частуханаў» (аўдыё/відэа)

Вакаліст гурта Dzieciuki Паша Трабл прэзэнтуе ў адмысловым туры на TuzinFM джазавую-вэрсію песьні «Частуханы», якая была запісаная разам з гуртом Apple Tea.

«Частуханы» — адна зь першых песень гурта Dzieciuki. У 2013 годзе на яе было зьнятае прома-відэа, у наступным годзе яна выйшла на дэбютніку «Гарадзенскі гармідар». «Памятаю, як толькі яе аўтар Дзяніс Жыгавец паказаў нам тэкст, стала зразумела, што гэта будзе хуткая і вясёлая песьня — ска-матывы напрошваліся. Песьня фактычна ўяўляе зь сябе набор жартаўлівых прыпевак», — распавядае адзін з вакалістаў гурта, Паша Трабл. Менавіта гэтая песьня была абраная для навагодняга экспэрымэнту парталу TuzinFM і тэлеканалу «Белсат». У джазавай вэрсіі яе апрацаваў гурт Apple Tea.

«Калі я атрымаў інструмэнтальнае дэма джазавай апрацоўкі, у мяне пэўны час быў ступар. Не адразу зразумеў, як уплесьці ў яе вакал. Але калі паспрабаваў — усе стала на свае месцы, толькі што не ставала харавой пачкі ў куплетах, гэта надала бы моцы. Калі быць аб’ектыўным — досьвед вельмі карысны, мне вельмі спадабаўся гэты экспэрымэнт», — зазначае Паша.

Джазавая вэрсія «Частуханаў» прэзэнтуецца ў межах адмысловага джазавага туру на TuzinFM.

Паша Трабл feat. Apple Tea — Частуханы (музыка гурта Dzieciuki, словы Дзяніса Жыгаўца)

Каб жылося весялей —

Чарачку гарэлкі,

Каб спалося пацяплей —

Пабліжэй да дзеўкі.

 

Каб жылося вольна —

Прэч ланцугі ды краты.

Каб было прыстойна —

Прэч мацюкі і маты.

 

Каб жылося пабагачай,

Не працуй — крадзі.

Каб лазьня была гарачай,

Пракурора запрасі.

 

Каб жылося ганарова —

Дык трымайся годна.

Каб ня згасла наша мова,

Балбачы штодзённа.

 

Каб жылося цікавей,

Шукай сам прыгоды.

Не шкадуй на то начэй,

І цалуй бяз згоды.

 

Каб жылося пасьля сьмерці

Была б то выдатна.

Каб дарослыя, як дзеці

Але то занадта.