Джазавы Варашкевіч: «Варта больш усьміхацца адзін аднаму» (аўдыё/відэа)
У адмысловым туры аўдыёчарту на TuzinFM лідэр гурта «Крама» Ігар Варашкевіч прэзэнтуе песьню «З Новым годам» у джазавай апрацоўцы Apple Tea.
Арыгінальная вэрсія песьні «З Новым годам» была прэзэнтаваная на TuzinFM у 2012 годзе, пасьля яна ўвайшла ў сёмы альбом «Крамы» — «Белая вада» (2014). У навагоднюю ноч 2018 году яна прагучала ў джазавай вэрсіі, якую Ігар Варашкевіч прэзэнтаваў разам з гуртом Apple Tea. «Некалі даўно прыдумаўся гітарны рыф, а за ім — рэфрэн са словамі „Можа гэта сонца проста не хапае нам“, пасьля чаго Зьміцер Лукашук напісаў астатні тэкст, у якім паіранізаваў зь беларускага мэнталітэту. Агулам жа пасыл песьні ў тым, каб беларусы больш усьміхаліся адзін аднаму, нягледзячы на адсутнасьць сонца», — кажа Ігар Варашкевіч.
Першапачаткова лідэр «Крамы» плянаваў выканаць у джазавай апрацоўцы «Чыкага найтс», песьню з самага першага альбому гурта «Хворы на рок-н-рол», але калі пачуў прапанову і дэма ад Apple Tea «З Новым годам» зьдзівіўся і згадзіўся. «Надта нязвыкла загучала песьня. Не адразу было зразумела, як да яе падступіцца, але на рэпэтыцыі ўсё стала на свае месцы. Увесь джазавы год мне вельмі спадабаўся», — зазначыў музыка.
Джазавая вэрсія «З Новым годам!» прэзэнтуецца ў межах адмысловага джазавага туру на TuzinFM.
Ігар Варашкевіч feat. Apple Tea — З Новым годам! (музыка Ігара Варашкевіча, словы Зьмітра Лукашука)
TuzinFM
Пад лапамі мядзьведзеў белых тае лёд,
І кажуць пацяпленьне нам дадасьць клапот,
А мы на працу, з працы кожны дзень ідзем,
Ня ведаем і тых, з кім побач мы жывем.
Можа гэта сонца проста не хапае нам?
Шчыра ўсіх вітаем і жадаем шчасьця вам!
Ня бачым як зьмяняецца жыцьцё вакол,
І што глябалізацыя глядзіць ваўком.
І справы нам няма, што там за тым бугром
І што зьнікае лёд арктычных палюсоў.
Можа гэта сонца проста не хапае нам?
Шчыра ўсіх вітаем і жадаем шчасьця вам!
Мы чуем крызіс усё паставіў кверху дном,
А нам ён падаецца нейкім сном.
У сьне найлепш за ўсіх ансамбль «Песьняры»
А на дажынках п’юць і скачуць да зары.
Можа гэта сонца проста не хапае нам?
Шчыра ўсіх вітаем і жадаем шчасьця вам!
Можа гэта сонца проста не хапае нам?
З Новым Годам, людзі, мы жадаем шчасьця вам!
КАМЕНТАВАЦЬ