
Гісторыя, якой ганарацца Naviband (аўдыё/відэа)
У адмысловым туры на TuzinFM бярэ ўдзел джазавая вэрсія песьні «Гісторыя майго жыцьця», якую Naviband выканалі разам з гуртом Apple Tea для навагодняга шоў «10 год прыгод» тэлеканалу «Белсат».
З гэтай песьняй зьвязаны адзін зь яскравых момантаў у жыцьці Арцёма Лук’яненкі і Ксеніі Жук — удзел у конкурсе «Эўравізія-2017». Дзякуючы Naviband на ім упершыню прагучала са сцэне беларуская мова. Сама песьня мае некалькі сэнсавых пластоў. «Яна пра гісторыю, якую можа мець кожны з нас. Яна нас усіх яшчэ чакае. У гэтым творы мы хочам перадаць сваё імкненьне да сьветлага боку чалавека, а таксама падкрэсьліць прыгожасьць нашай краіны і людзей, якія ў ёй жывуць», — кажа Арцём, аўтар музыкі і словаў да «Гісторыі майго жыцьця». У новы 2018 год гэтая песьня прагучала ў новым варыянце.
Музыкі зь вялікай цікавасьцю паставіліся да прапановы паўдзельнічаць у навагоднім тэлешоў на тэлеканале «Белсат» ды зрабіць джазавую вэрсію сваёй песьні разам з гуртом Apple Tea. «Мы заўжды адкрытыя да экспэрымэнтаў, любім джаз і вельмі паважаем музыкаў, зь якімі працавалі, таму нам было за гонар узяць удзел у гэтым праекце. Вынік атрымаўся надзвычай цудоўны!» — кажа Арцём.
Джазавая вэрсія песьні «Гісторыя майго жыцьця» бярэ ўдзел у адмысловым туры на TuzinFM.
Naviband feat. Apple Tea — Гісторыя майго жыцьця (музыка і словы Арцёма Лук’яненкі)
TuzinFM
Колькі дзён, колькі спатканьняў
Новыя вобразы і гарады
Шэраг падзей, нас пакідае
У сэрцы трымаем
Ідзем далей
Гісторыя майго жыцьця
Будзе сьвяціць яшчэ ярчэй
У нашай крыві сонца зайграе
Уся прыгажосьць Тваіх вачэй
Дзе будзеш ты — я адшукаю
Яркія моманты знойдзем хутчэй
Сёньняшні дзень, стане пачаткам
Новых жаданьняў, лепшых ідэй
Гісторыя майго жыцьця
Будзе сьвяціць яшчэ ярчэй
У нашай крыві сонца зайграе
Уся прыгажосьць Тваіх вачэй
КАМЕНТАВАЦЬ