Краіна ў кратах
3815 / 0
07.10.2019

Надпіс, які не сатрэш. Алесь Лютыч перасьпяваў актуальны гіт Ulіs (аўдыё/відэа)

У адмысловым туры аўдыёчарту на TuzіnFM, прысьвечаным музычнаму праекту «Нас у Маскве не зразумеюць», лідэр гурта :B:N: Алесь Лютыч прэзэнтуе сваю вэрсію песьні «Краіна ў кратах» гурту «Уліс».

«Краіна ў кратах» — песьня, якая адкрывае першы альбом гурта Ulіs «Чужаніца», што быў запісаны ў 1989 годзе. Яна гучала яшчэ калі не распаўся СССР, у тым ліку на першым «Басовішчы». Праз 30 гадоў яна набыла новае гучаньне ў тэлепраекце «Нас у Маскве не зразумеюць», які падрыхтавала каманда TuzіnFM для навагодняга этэру каналу «Белсат». Перасьпяваў яе лідэр гурта :B:N: Алесь Лютыч у суправаджэньні музыкаў гурта Volskі. «Зь вялікай ахвотай успрыняў ідэю паўдзельнічаць у шоў і перасьпяваць „Уліс“. Вельмі цікавая песня, даволі складаная вакальная партыя ды і музыка на той час была даволі фірмовая. Мне здаецца, што атрымалася файна!» — зазначае Алесь Лютыч.

ГЛЯДЗЕЦЬ ТЭЛЕШОЎ «НАС У МАСКВЕ НЕ ЗРАЗУМЕЮЦЬ» ЦАЛКАМ

Аўтар музыкі, гітарыст клясычнага складу гурта «Уліс» Сяргей Краўчанка зазначае, што перасьпеў выйшаў добрым. Праўда, крыху ў іншым стылі. А вось што да тэматыкі, то тут у кропку: «Гэтая тэма за трыццаць гадоў ня страціла актуальнасьці. І яшчэ гадоў трыццаць не страціць», — зазначае музыка.

TuzіnFM

Алесь Лютыч — Краіна ў кратах (музыка — Сяргей Краўчанка, словы — Фэлікс Аксёнцаў)

Рака, што цячэ ля карчмы,

Ды каля моста мур.

Трынаццаць літар на ім —

У літарах смур.

 

Маёр, што той надпіс чытаў,

Адышоў ні з чым.

Можа меўся на ўвазе Нью-Ёрк

Мо старажытны Рым

 

Краіна ў кратах!

Краіна ў кратах!

Штодня фарбавалі мур,

Каб той лёзунг зьнік.

Бо ён быў патрэбны ўсім,

Як у боце цьвік

Штодня працаваў маляр

Працаваў дарма.

Надпіс бачны тут як і раней,

Ды рагатала карчма

 

Краіна ў кратах!

Краіна ў кратах!

Рака, што цячэ ля карчмы,

Ды каля моста мур.

Зараз чорная пляма на ім,

Пад плямай той смур.

 

Маўчаць тыя словы пад ёй

Ужо шмат гадоў.

Але ж кожны ведае, што

Пад чорнай плямай ізноў.

 

Краіна ў кратах!

Краіна ў кратах…

…Ізноў!