
«Мы вернем тое, што ў нас забралі» — «Партызанскі праспект» спявае пра «краіну ў аўтазаку»
Гурт «Партызанскі праспект» прэзентуе песню «Аўтазак» у новым туры аўдыёчарта TuzinFM — гэта другі па ліку сінгл каманды.
На сёння гурт «Партызанскі праспект» — гэта два чалавекі: Уладзь Лянкевіч і Раман Жарабцоў. Адпачатку каманда была ананімнай (лідара, напрыклад, звалі Рамуальд Панк-Асмялеўскі), але цяпер вырашана быць адкрытымі.
— У нас з Раманам ёсць асноўныя музычныя праекты, — распавядае Ўладзь. — Раней я досыць часта пісаў больш метафарычныя, сузіральныя і асабістыя тэксты, але цяпер для мяне асабіста прыйшоў час прамых і ясных выказванняў. Мы абралі музычную форму гаражную, трохі прыпанкованую, рабілі песні хутка.
Песня была запісаная літаральна за тыдзень да выбараў. Праз некалькі дзён пасля яе выхаду гітарыста Рамана забралі і ён адседзеў суткі. Уладзь таксама трапіў на суткі ў верасні.
— Калі мы задумлялі праект, падавалася, што нейкая гульня ў ананімнасць — гэта забаўна. Але падзеі жніўня ўсё перавярнулі, і цяпер, мне здаецца, адкрытасць вельмі важная (калі гэта не стварае небяспекі жыццю). Час прайшоў, песня ўсё яшчэ актуальная, я таксама паспеў пакатацца ў верасні ў аўтазаку, — кажа Лянкевіч.
Зараз музыкаў можна пачуць на дваравых канцэртах. Апроч таго, акурат цяпер «Партызанскі праспект» плануе выхад новай песні.
Партызанскі праспект — Аўтазак
Па горадзе гойсаюць банды ў цывільным,
Твары схаваныя, позірк звярыны.
Пакуюць карціны, пакуюць людзей -
Няправільна стаў, не так паглядзеў.
Душаць, загадваюць, рукі ламаюць.
Час разагнаць незаконную зграю!
Краіну спакавалі ў аўтазак,
Яны за гэта мусяць адказаць.
Мы сёння разам, і нішто не спыніць гэтай хвалі.
Мы вернем тое, што ў нас забралі.
Пасля дажджу гуляюць промні па небакраі,
Мы вернем тое што ў нас забралі.
Крадуць галасы без сораму, стабільна
Чыняць беззаконне, судзяць нявінных.
Ганяць, прыніжаюць, хлусяць кожны дзень.
З суддзямі таксама сустрэнемся ў судзе.
Святкуюць перамогу занадта рана -
Ніхто не застанецца беспакараным.
Краіну спакавалі ў аўтазак,
Яны за гэта мусяць адказаць.
Мы сёння разам, і нішто не спыніць гэтай хвалі.
Мы вернем тое, што ў нас забралі.
Пасля дажджу гуляюць промні па небакраі,
Мы вернем тое што ў нас забралі.
КАМЕНТАВАЦЬ