
Юры Несьцярэнка: «Наша зямля замярзае пад морам зімы» (аўдыёпрэм’ера!)
Франтмэн гуртоў White Night Blues і Nestary Band Юры Несьцярэнка прэзэнтуе ў чарце на Tuzin.fm кампазыцыю «Мора зімы» са свайго новага сольнага альбому «Аэрапланы ў вырай».
Песьня «Мора зімы» напісаная на верш вядомай пісьменьніцы Людмілы Рублеўскай. Гэта ўжо трэці сынгл з новага альбому музыкі. Дагэтуль Юры паказаў загалоўны трэк «Аэрапланы ў вырай» і песьню «Пэўныя знакі«. «Калі задумвалася аранжыроўка да „Мора зімы“, яна адразу ўяўлялася крыху „цяжэйшай“ за астатнія кампазыцыі, — распавядае Юры Несьцярэнка. — Але гэта цалкам магчыма ў сольным альбоме, дзе стылістычна прысутнічаюць і фанк, і блюз, і флямэнка, і вось такі варыянт софт-мэталу ці мэлёдык-мэталу».
Юры прызнаецца, што хацеў у новай песьні пакінуць манеру выкананьня цалкам пазнавальнай, але пры гэтым пашырыць стылістычныя межы. Атрымалася самадастаткова і арыгінальна. «Мне заўсёды было цікава экспэрымэнтаваць са стылямі. Многія ўспрымаюць такое імкненьне за прагу да нейкай архаічнаьсці, кансэрватыўнасьці, якая асацыюецца з клясыкай року. Але гэта ўсё ж такі цалкам сучасныя песьні. Яны ўбачылі сьвет напрыканцы 2013-га — пачатку 2014-га. І мне, і музыкам, якія ўдзельнічалі ў запісе, было вельмі цікава сыграць у розных, канкрэтна акрэсьленых стылях, і гэта ўдалося», — дадае музыкант.
Калі кампазыцыі «Мая адзінота» або «Неба навокал», вядомыя слухачам з прэзэнтацый на «Тузіне Гітоў», больш падыходзілі б да рэпэртуару White Night Blues, то «Мора зімы» — гэта хутчэй з рэпэртуару Nestary Band. У эклектыцы новага альбома ёсьць своеасаблівы працяг традыцыяў, закладзеных у папярэдняй плытцы Юрыя Несьцярэнкі «Сьвята вялікіх дажджоў».
Tuzin.fm
Юры Несьцярэнка — Мора зімы (музыка Юрыя Несьцярэнкі, словы Людмілы Рублеўскай). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
У белае мора зімы
адплывае наш човен
І ў хвалях-сумётах
зьнікаюць за намі сьляды
Хоць зораў ня бачна
ці трэба вяртацца панове
У залітыя восеньскім
шэрым дажджом гарады
Пад гэтым бязьмежным
бяздонным як мроіцца небам
адзіная наша
каханая наша зямля
А недзе наперадзе
ў першых праталінах бераг
І дыхае хлебам
на поўныя грудзі ральля
І дыхае хлебам
на поўныя грудзі ральля
Над морам зімы
так высока праглянула зорка
Нібы вастрыё
скіраванай зь нябыту стралы
А мы дажывем даплывем
да вясновага золку
І стане бурштынам
апошняя кропля смалы
І нават калі
неадольныя выпадуць сьцюжы
І помнікам зь лёду
паўстанем мы самі сабе
Мы будзем дарогу
паказваць больш кемным і дужым
І нехта па сьцюжы
дарогу такую праб’е
І нехта па сьцюжы
дарогу такую праб’е
У белае мора зімы
адплываем зьнікаем
Таму што жывыя
таму што тутэйшыя мы
І хвалі сумётаў
сьляды паглынаюць за намі
І наша зямля замярзае
пад морам зімы
І наша зямля замярзае
пад морам зімы
КАМЕНТАВАЦЬ