Крылы
10405 / 0
18.03.2014

Ларыса Грыбалёва акрыяла (аўдыё)

У новым туры на Tuzin.fm бярэ ўдзел песьня Ларысы Грыбалёвай «Крылы». Сьпявачцы захацелася займець у сваім рэпэртуары прыгожы твор па-беларуску. І яна яго атрымала ад Яраслава Ракіціна, аўтара песень для шматлікіх поп-артыстаў зь Беларусі, Расеі ды Ўкраіны.

«У мяне сапраўды зусім мала песень па-беларуску, — прызнаецца Ларыса Грыбалёва. — Гэта ўсё ад таго, што я вельмі пераборлівая і абіраю заўжды патрабавальна і рупліва. Таму рэдка, але ж трапна!» Сваёй новай беларускамоўнай кампазыцыяй сьпявачка сапраўды ганарыцца. Кажа, што захацелася мець у сваім рэпэртуары твор па-беларуску і яна зьвярнулася да паэта-песеньніка ды кампазытара Яраслава Ракіціна з просьбаю напісаць прыгожую песьню ды па-нашаму.

Яраслаў Ракіцін актыўна піша амаль для ўсіх прадстаўнікоў поп-музыкі зь Беларусі. У 2012 годзе яго адзначылі на нацыянальнай музычнай прэміі, як найлепшага аўтара словаў за песьню для Іны Афанасьевай. Акрамя заслужанай артысткі Беларусі гітмэйкер шчыльна працаваў зь сёлетнім прадстаўніком Беларусі на «Эўравізіі» Tэo, Сашам Нема, Натальляй Падольскай, расейскім выканаўцам Іракліем Перцхалавам ды іншымі. Яраслаў піша як па-расейску, так і па-беларуску, але якраз беларускамоўныя кампазыцыі на нашай эстрадзе не запатрабаваныя. «Мяне дзівіць такая сытуацыя, але так склалася, што для беларускага поп-выканаўцы мець песьню па-беларуску ў сваім рэпэртуары гэта нейкая незвычайная рэч, — кажа Яраслаў. — Я не магу гэтага зразумець, тым больш, што на гастролях у іншых краінах бачна, што замежнікі ганарацца болей за нас, калі выконваюцца беларускамоўныя нумары». Паэт і кампазытар кажа, што твор напісаны для Грыбалёвай пакуль ня мае вядомасьці, бо на радыёстанцыях яго папросту адмовіліся браць. Не сакрэт, што на тутэйшых «эфэмках» сама беларуская мова лічыцца нефарматам.

«А мне вельмі спадабалася як атрымалася песьня, яна якраз пра Беларусь і пра тое, што трэба любіць сваё. Чым болей будзе падобных песень — тым лепш», — упэўнены аўтар. Зь ім пагаджацца і Ларыса Грыбалёва, якая называе «Крылы» суцэльнай прыгажосьцю.

Трэк «Крылы» ўвайшоў у новы альбом сьпявачкі «Не обижай меня».

Ларыса Грыбалёва — Крылы (музыка і словы Яраслава Ракіціна). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

SB, Tuzin.fm

Месяц адыходзіць, сонейка першы прамень

Ліецца па расе

Косы залатыя, вочы блакітных азёраў

Сэрца на прастор

Пр.:

Крылы роднай зямлі галінкай ля ракі

Неба нам дапаможа каханьне знайсьці

Дзе анёламі зноў да белых берагоў

Праз гады і хмары даляціце мары да нябёс

 

Сьпевамі заліты ўранку лугі ды палі

Дзеўка ля вады

Кветачкі зьбірала ды заплятала вянкі

Каб мілага знайсьці

 

Пр.