UltraВожык
Правакацыйны беларускі музычны праект, заснаваны ў 2001 годзе .У 2003 годзе выдаў дыск «Ідэалёгія», у якім высьмяяў увядзеньне прадмету дзяржаўнай iдэалёгiі ў ВНУ Беларусі. У 2005 годзе іх песьня «Атлянтыда» патрапіла ў сьпіс найлепшых песьняў сэзону гіт-параду «Тузін Гітоў» і была выдадзеная на зборніку «Прэм’ер Тузін 2005». Кліп на песьню «Атлантыда» перамог у «Кліп-Маратоне» (2007). За ўсе гады існаваньня ўдзельнікі праекту ніколі не зьяўляліся на публіцы.Атлянтыда
Шырокую вядомасьць “ультравожыкам” прынесла песьня “Атлянтыда”, запісаная насуперак іміджу гурта, як сур’ёзная рок-баляда.
Ідэалёгія
Яны называюць сябе Пётар Адамавіч і Яўген Шафа-Уругвайскі і гэта яўна ня іх сапраўдныя прозьвішчы. Трэцім удзельнікам гурта яны заўжды пазначаюць “сабачку Ібрагіма”, называючы яе “ідэйным лідэрам беларускай нацыі”.
Фабрыка сноў
Таямнічыя музыкі, якія працуюць у фармаце “інкогніта”, прэзэнтуюць сваю новую песьню – “Фабрыка сноў”. “Тузіну Гітоў” атрымалася зьвязацца з камандай “ультравожыкаў” – Яўгенам Шафам-Уругвайскім, Пятром Адамовічам і сабачкам Ібрагімам. “Мы проста чакалі нагоды, каб ускалыхнуць грамадзкасьць пасьля такога шалёнага посьпеху “Атлянтыды”, - заяўляе адразу Яўген. (архіў ТГ 07.03.2006)
Крыніца цяпла
У новым туры на “Тузіне Гітоў” ці не самы таямнічы беларускі музычны праект UltraВожык прэзэнтуе свой новы твор “Крыніца цяпла”. “Некаторыя кажуць, што мы, нібыта, уладу ня любім. Але ж мы за нашу ўладу паміраць гатовыя! І скардзіцца мы ня любім. Наадварот, мы лічым што нашым музыкам сёньня крытычна бракуе пазытыву. Таму нашай новай песьняй мы хочам падараваць усім трохі радасьці ды цяпла”.
Спадарожнік
Пасьля зьнікненьня амаль на два гады містычны беларускі праект-інкогніта вяртаецца ў «Тузін Гітоў» з новай песьняй, якая ўжо мае скандальную гісторыю. Са словаў заснавальнікаў праекту, твор ім замовіў тэлеканал «Белсат», але пасьля ня здолеў за яго разьлічыцца. Музыкі, якія называюць сябе Пётар Адамавіч і Яўген Шафа-Ўругвайскі, кажуць, што пасьля гэтага сталіся лукашыстамі.
Клёва касманаўту
У новы 2010 год нечаканы падарунак слухачам зрабілі знаныя кансьпіратары Пётар Адамавіч, Яўген Шафа-Ўругвайскі і сабачка Ібрагім з UltraВожыка, выдаўшы новую песьню з аптымістычнай назвай «Клёва касманаўту!».
Das Дзед-Барадзед
Праект UltraВожык узяў за абавязак выдаваць па інтэрнэт-сынгле на год. Новы твор ад таямнічага праекту, які завецца «Das Дзед-Барадзед».