Пайсьці і не вярнуцца
Менска-гомельскі праект запісаў, можа, самы дзіўны беларускі альбом году. Сьцюдзёны постапакаліптычны дарк-фольк пра цень, які палюе за сваім уладаром, і маленькіх птушак, што пяюць нежывыя песьні, асабліва ацэняць аматары містыкі, якія здольныя ўявіць, як гучаў бы COIL, калі б ён паўстаў у Беларусі, а таксама звычайныя агарафобы.
У іхняй музыцы — цемра і змрок, у голасе — холад і сьцюжа. На нашай незалежнай сцэне ўжо ёсьць “чарнобыльскі сынты-поп”, даўно прысьпеў час зьявіцца і “чарнобыльскаму дарк-фольку”. І хоць удзельнікі “Дрвіваў” ані словам не памінаюць той Чарнобыль (як Хатынь ці Курапаты), на іх творчасьці яўна ляжыць адбітак Трагедыі. Ці ўсіх беларускіх трагедый, разам узятых.
Арцём Вілейта і Сяргей Цуранкоў вырашылі вярнуць ва ўжытак пару забытых словаў, таму назваліся “Дрвівамі”, а назвай альбому абралі слова, што абазначае жэст-заклік далучыцца да нечага. Музыку вырашылі пісаць электронна-акустычным спосабам, такім чынам у іх песьнях нібы ў запаволеным тэмпе гучаць электронны смык і электраарган разам з акустычнай гітарай і рознымі звонікамі ды дудзелкамі. Спалучэньне такое, што пры праслухоўваньні цёмнай ночкай сапраўды можа узяць вусьціш. Асабліва калі ўслухацца ў тэксты, якія нібы сапраўдным агарафобам пісаліся. Няроўным напужаным голасам апавядаецца пра маленькіх птушак, што пяюць нежывыя песьні, пра тое, што “мой цень палюе на мяне”, і пра дамок на ўскраіне, у якім вокны засланыя прасьцірадламі. За гэтым усім крыецца яшчэ большая безнадзёга, чым у “Спадчыне загінулых вёсак” Кірчука ці ў рытуальным фольку ад гурта Pragnavit. Але мы ж ведаем, што цемра сьвятла ня згасіць. Для тых, хто мяркуе іначай, мусіць, гэты альбом і прызначаны.
Замовіць CD-альбом “Spokiŭ” можна праз мэйл drwiwasc@gmail.com
SB, Tuzin.fm/Budzma.org
КАМЕНТАВАЦЬ