Hurma зьняла «таннае амэрыканскае порна» (відэа)
Гурт на чале зь Мікітам Найдзёнавым прадставіў новы відэакліп, які па праглядзе выклікае неадназначныя эмоцыі.
Відэа на новую песьню гурта «Хопіць ламаць камэдыю» зьняў рэжысэр і апэратар Рыгор Пасрэднік, а ў галоўнай ролі зьнялася сьпявачка Валерыя Зьверава, фіналістка тэлепраекту «Академия талантов». Сцэнар стварылі рэжысэр разам зь лідэрам гурта Hurma.
«Мы вырашылі інакш зірнуць на нашую песьню і зачапіліся за фразу: „калі адчуеш здраду“. Падумалі, што варта было б зрабіць кліп з гісторыяй пра тое, што бывае, калі любоўная здрада раскрываецца. Таму галоўная гераіня Лера паўстае такой фурыяй», — распавёў Tuzin.fm Мікіта Найдзёнаў. Дзея кліпу адбываецца ў закінутым будынку. Герой Мікіты ўзяты ў палон, яго дапытвае-катуе дзяўчына фрывольнага выгляду, але той схітраецца ў пэўны момант набраць з айфону «911», калі выклікаць дапамогу…
«Фінал кліпу мы вырашылі зрабіць з доляй абсурду, — распавядае Мікіта. — Тым і тлумачыцца нечаканая „група захопу“ і маё ператварэньне пры канцы. Калі кліп першы раз паглядзелі ў кампаніі сяброў, адзін хлопец сказаў, што гэта выглядае як таннае амэрыканскае порна. Мы пасьмяяліся і вырашылі даць такую жанравую характарыстыку нашаму відэа».
У здымках таксама дапамагалі адміністратар Дар’я Паркалава, памочнік рэжысэра Юлія Ішмуратава, візажыст-стыліст Ксенія Тырсікава. Гурт таксама выказвае падзяку Севе Ганджаліевай, Аляксею Куляшову, Яўгену Рапацэвічу, Зьмітру Маркарану, Аксане Кавальчук, Кацярыне Шунько, Аляксандры Буліч, Алiне Iшмуратавай, Максiму Масарноўскаму.
Новы кліп гурта Hurma бярэ ўдзел у відэачарце на Tuzin.fm зь першага туру новага музычнага сэзону 2014/2015.
Hurma — Хопіць ламаць камэдыю (рэжысэр Рыгор Пасрэднік). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ