Танцы на Камуністычнай і каханьне навек (відэа)
Сьпявачка Pauline прадстаўляе на Tuzin.fm дэбютны кліп на песьню «Пачакай», які зрабіла студыя «DVA video». У ім зьняліся францускія танцоры.
Свой кліп Pauline анансавала яшчэ ўвесну, але праходзіў час, а відэа не было і ўсё стала выглядаць проста на рэклямную прыдумку. Сьпявачка кажа, што працаваць вырашыла зь Зьмітром Ляўкоўскім і Марыяй Манакавай, якія маюць студыю «DVA video». Акурат яны зьнялі такія кліпы, як «Давай на раз, два, тры» гурта Hurma i «Абдымі мяне» Navi.
«Я сустрэлася з Машай і Зьмітром, каб абмеркаваць ідэю будучага відэа. Адразу стала відавочна, што кліп будзе чорна-белым. Наконт сюжэту былі некаторыя спрэчкі. Мне хацелася каб гэта было проста ў чорным памяшканьні, дзе я б сьпявала і дзе б прысутнічалі нейкія сымбалі, якія б адлюстроўвалі сэнс песьні… Але калі я пачула пытаньне: ці ты абавязкова павінна быць у кліпе, то зразумела, што нешта яны ўжо задумалі», — апавядалі Паліна Цімохіна. У выніку размовы ніякай канкрэтыкі дасягнута не было. Больш за тое, як сьцьвярджае сьпявачка, рэжысэры папросту зьніклі. І зьявіліся празь некаторы час з цалкам аформленай ідэяй — у кліпе будуць танцы.
Рэжысэрскую ідэю ўвасаблялі Лу Пачанка і Тома Кардэйра — танцоры з Францыі, якія напрацягу 10 месяцаў праходзілі ў Менску курсы акторскага майстэрства ў межах праграмы міжнароднага грамадзкага аб’яднаньня «Театро». Яны ўжо былі знаёмыя зь Зьмітром і Марыяй, але вось так цесна яшчэ не працавалі. Першым сур’ёзным бар’ерам стала мова. Лепш за ўсё атрымоўвалася размаўляць на мове мімікі і жэстаў. Добра, што мастацтва можа вось так зламаць гэтыя перашкоды. Здымалі на спуску да Сьвіслачы на вуліцы Камуністычнай ды іншых месцах беларускай сталіцы.
«Я увогуле ня ведала чаго чакаць! Танца я ня бачыла, толькі адно фота з танцорамі! Усё! Канечне, хвалявалася за вынік! Бо гэта дэбютнае відэа, ды і песьня мне вельмі падабаецца і было шкада пасапсаваць уражаньне ад гэтага музычнага матэрыялу. Цікава, што рэжысэры прыйшлі да гэпі-энду, бо ў песьні яго няма…» — распавядае Pauline. Вынік спадабаўся ўсім — ролік прэзэнтавалі на Tut.by, тэлеканале ОНТ, на youtube-канале ELLO. Відэа на «Пачакай» возьме ўдзел у відэачарце на Tuzin.fm у першым туры новага музычнага сэзону 2014/2015.
Pauline — Пачакай (рэжысэры Зьміцер Ляўкоўскі, Марыя Манакава). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ