Irdorath да трох ня лічыць (відэа)
Фэнтазі-фольк гурт Irdorath прадстаўляе на Tuzin.fm свой дэбютны кліп-выбух «As Bas», які мае ўсе шанцы стаць адным з самых яскравых відэа 2015 году.
«Мы даўно марылі зьняць кліп і неверагодна шчасьлівыя, што гэта адбылося», — удзельнікі гурта Irdorath Надзея і Ўладзімер (яны называюць сябе М’юс і Ода) і самі не чакалі такога посьпеху — усяго за некалькі дзён, як кліп зьявіўся ў сеціве, яго паглядзелі ўжо больш за 20 000 разоў. Што дзіўна для беларускай прасторы — нэгатыўных камэнтароў практычна няма.
Надзея распавядае пра задуму: «Усё вельмі проста, але толькі на першы погляд. Паколькі песьня зробленая на аснове дзіцячай лічылкі, то нам якраз і хацелася перадаць усю нястрымнасьць і весялосьць дзіцячых гульняў. І яшчэ — адвечны страх перад такой істотай, як чорт, якім дзеткі любяць папужаць адзін аднаго». Задуму ўвасобілі рэжысэр Аляксандар Бакавец ды апэратар Міхаіл Кашкан. Здымкі пачаліся ў кастрычніку і працягваліся да канца лістапада 2014-га непадалёк ад Лагойску.
«Мы мелі тры здымачныя дні з абсалютна розным надвор’ем і перапынкамі ў некалі тыдняў. Досьведу ў гэтай справе ў нас было ня вельмі шмат і практычна ўсё, што адбывалася, здарылася з намі ўпершыню. Праца праходзіла дастаткова гладка, з рэжысэрам і апэратарам мы адразу знайшлі супольную мову, яшчэ калі абмяркоўвалі ідэю. Можа таму ўсё атрымалася так выдатна», — распавядае Ўладзімер.
Кліп «As Bas» — частка вялікай прома-кампаніі, якую гурт разгарнуў з нагоды выхаду свайго новага альбому «Лавец сноў» («Dreamcatcher»), куды ўвойдуць песьні на беларускай, а таксама на ангельскай, македонскай, расейскай мовах і некалькі інструмэнталаў. Да рэлізу мяркуецца паказаць яшчэ некалькі сынглаў, ну а 1 траўня адбудзецца прэм’ера альбому ў сеціве і ўжывую — у клюбе Re:Public.
Irdorath — As Bas (рэжысэр Аляксандар Бакавец). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ