Ладзьдзя роспачы
4742 / 0
07.09.2015

Анімаваная «Ладзьдзя роспачы» ад гурта Dzieciuki (відэа)

Кліп на новую песьню гурта Dzieciuki «Ладзьдзя роспачы» зроблены ў стылістыцы South Park. Музыкі дужа ганарацца сваім пакуль адзіным анімаваным ролікам.

Гэтая песьня і кліп створаныя па матывах навэлы «Ладзьдзя роспачы» славутага беларускага пісьменьніка Ўладзімера Караткевіча. Вакаліст каманды Алесь Дзянісаў кажа, што праца — калектыўная і складана выдзяліць кагосьці, акрамя Веры Cтомы, якой належыць сама ідэя кліпу і праца над ролікам. Відэа ўяўляе зь сябе кампутарную анімацыю ў стылі перакладкі. Цікава, што ў гэтым стылі зроблены вядомы мультсэрыял South Park.

«Мы паспрабавалі паэкспэрымэнтаваць з гучаньнем і песьня атрымалася не зусім падобная на тое, што мы рабілі раней: нейкая сумесь змрочнага рок-н-ролу з элемэнтамі кантры. Гэта не азначае, што мы будзем рухацца ў гэтым кірунку, але гэта сьведчыць яшчэ раз пра тое, што мы будзем экспэрымэнтаваць і надалей», — заўважае Алесь.

Словы песьні належаць Дзянісу Жыгаўцу, музыка — гурту. Дзяніс называе Dzieciuki ня проста музычным гуртом: «Гэта сваесаблівая арт-суполка людзей, што працуюць у розных кірунках мастацтва з мэтай папулярызацыі беларускай культуры. Dzieciuki — гэта таксама ўсе тыя, хто падзяляе нашыя жыцьцёвыя прынцыпы: свабоды, незалежнасьці ды патрыятызму. Адным з прыкладаў такіх людзей якраз зьяўляецца нашая сяброўка Вера Стома. Менавіта гэты чалавек стварыў лягатып гурта, а цяпер і гэты кліп».

Асноўную вакальную партыю ў творы «Ладзьдзя роспачы» выконвае Павал Трублін, Алесь Дзянісаў засьпяваў разам зь ім і падыграў на банджа. Аляксей Пудзін — на акустычнай гітары, Алесь Рацько на пэркусіі, Андрэй Пятко — на бас-гітары. Запісаў трэк Віталь Лявонаў. Аўтарцы роліку мастачцы Веры Стоме дапамагала ў анімацыі таксама Дар’я Сугака. Стваральнікі кліпу дзякуюць таксама Сяргею і Тацяне Стомам, а таксама Ўладзімеру Караткевічу.

Dzieciuki — Ладзьдзя роспачы (рэжысэр Вера Стома). Зьмяшчаецца са згоды гурта.

Tuzin.fm