Горад мой
4029 / 0
09.09.2015

Гранічна шчырае відэа на «Горад мой» Камоцкага

У відэачарце на Tuzin.fm бярэ ўдзел душэўнае відэа, якое зьняла студэнтка Акадэміі мастацтваў Паліна Кузьміна на песьню Алеся Камоцкага «Горад мой».

Алесь Камоцкі просіць ня лічыць відэа на «Горад» афіцыйным кліпам, але зусім ня супраць яго распаўсюду і прэм’еры. «Дужа душэўнай выйшла гэтая праца, мне дык падабаецца. Шчырасьць я паважаю ва ўсіх праявах, а гэтае відэа — якраз праява шчырасьці», — кажа выканаўца.

Кліп на «Горад мой» — дыплёмная праца студэнткі Акадэміі мастацтваў Паліны Кузьміной. «Паліна ўзяла зь мяне згоду — мне было прыемна, што яна захацела зрабіць нешта з гэтай песьняй. Узяла мяне за карак, дала непамернага капелюха ды прымусіла бегаць па горадзе», — згадвае Алесь. Здымкі блукаючага Камоцкага ўвайшлі ў ролік разам з анімаваным шэрагам.

Што да самой песьні, дык напісаная яна была зусім ня ў Менску, дзе жыве музыка, і не ў Барысаве, дзе ён нарадзіўся, а ў Берасьці. «Глядзеў на горад праз вакно гатэлю, так і напісалася», — згадвае аўтар і прызнаецца, што выконвае яе на сваіх выступах зрэдчас — толькі калі дужа папросяць. Песьня была створаная ў 2004 годзе, а ў 2006 годзе ўвайшла ў альбом «Дах», які Камоцкі лічыць найбольш удалым у сваёй дыскаграфіі.

Алесь Камоцкі — Горад мой (рэжысэр Паліна Кузьміна). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm