Родны край
6212 / 2
17.09.2015

Рэжысэр Brutto Андрэй Давыдоўскі. Разьюшанасьць і шчырасьць (відэа)

Аўтар кліпаў гурта Brutto прадстаўляе ў відэачарце на Tuzin.fm сваю новую працу, зьнятую на песьню, якую ён лічыць адной з самых моцных і асабістых у Сяргея Міхалка.

Рэжысэр Андрэй Давыдоўскі — чалавек надзвычай сьціплы, хоць яму ёсьць чым пахваліцца. Ён прадстаўляецца як маскоўскі фатограф, кліпмэйкер і мастак, уваходзіць у Саюз фотамастакоў Расеі, але больш фактаў пра сябе не паведамляе. Кажа, што найлепш пра яго сьведчаць ягоныя працы. Давыдоўскі мае свой непаўторны стыль, любіць працаваць у жанры чорна-белага здымку. У ягоным даробку фотасэсіі для расейскіх зорак: ад БГ і Басты да Білана з Прылепіным і больш за 20 кліпаў. Асноўныя гурты, для якіх здымае відэа Андрэй — расейская рэп-рок фармацыя «25/17» і беларусы з Brutto.

«Зь Сяргеем нас пазнаёміў з год таму агульны сябра, татуіроўшчык. Тады Міхалок, як я разумею, шукаў новых — „няляпісаўскіх“ у добрым сэнсе слова — аўтараў для стварэньня візуальнага вобразу калектыву. І сябра паказаў Сяргею маё партфоліё. Празь некаторы час Міхалок патэлефанаваў, мы паразмаўлялі і вельмі хутка зрэзанавалі адзін з адным, тады і пачалася праца», — распавядае Андрэй. Цікава, што ён абсалютна выдатна разумее па-беларуску і ня просіць перакладаць адказы на расейскую.

Для каманды Сяргея Міхалка Андрэй ужо зрабіў пяты кліп — два паўнавартасныя відэа на «Гири», «Олимпия» і «Родны край» і два lirycs-відэа — «Аdidas», «Будзь смелым». Акром таго зладзіў музыкам фотасэсіі, аформіў самотнікі ды сам альбом «Родны край». Гэтая песьня, дарэчы яго моцна ўразіла.

«Без сумневу, гэта адна з самых моцных і самых асабістых песень Міхалка. Прынамсі, так адчуваю гэта я. Узровень разьюшанасьці і шчырасьці тут зашкальвае абсалютна. Мне як кліпмэйкеру неверагодна камфортна працаваць з такім матэрыялам. Тут няма фальшу, ня трэба нічога падладжваць, упрыгожваць і гэтак далей. Ты проста пагружаесься ў эмацыйную плыню песьні і ўвасабляеш візіі, якія прыходзяць».

Давыдоўскі не хавае, што з задавальненьнем працаваў на здымках «Роднага краю». Яму належыць ідэя відэаўвасабленьня песьні, па-сутнасьці гэтая ідэя і была ўвасоблена цалкам, бяз спрошчаньняў і зьменаў. Здымкам папярэднічала сур’ёзная і скрупулёзная падрыхтоўка. Асноўны матэрыял быў зьняты ў Кіеве ў чэрвені гэтага году, пасьля некаторыя сцэны былі дазьнятыя ў Маскве. Агулам было тры паўнавартасныя шчыльныя здымачныя дні. Уся каманда як для такой складанай для хуткага ўвасабленьня задачы працавала вельмі апэратыўна — сам рэжысэр тут прымяняе слова «імкліва».

Андрэй кажа, што пры працы над гэтым відэа не арыентаваўся на нейкія канкрэтныя працы іншых рэжысэраў, але калі размова заходзіць пра ўплывы і натхненьні, то ён не хавае сваёй прыхільнасьці да клясыкі ўкраінскага і японскага кіно. «Магчыма гэта і гучна будзе сказана, але я не намагаўся рабіць нейкія калькі. Але калі ўжо пра натхненьне, то самай моцнай інсьпірацыяй для мяне тут былі Аляксандар Даўжэнка і бясконца любімае японскае кіно 60-х гадоў XX стагодзьдзя — Хіросі Тэсігахара і Канэта Сында, напрыклад. Паэты ад кіно».

Наконт далейшай працы з Brutto Андрэй ня хоча загадваць. Кажа, што ў цяперашніх неспакойных рэаліях наогул цяжка нешта плянаваць. «Родны край» для яго асабіста — пэўнае падсумаваньне этапу ў творчасьці.

Brutto — Родны край (рэжысэр Андрэй Давыдоўскі). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm, фота Ягора Гараніна

КАМЕНТАРЫ: