Hurma. Скокі ў сьне і на яве
Гурт Hurma прэзэнтуе ў відэачарце на Tuzin.fm кліп Арцёма Лобача на песьню «Упасьці», зьняты на малой радзіме Янкі Купалы і на батутнай арэне ў Менску.
Музыкі з гурту Hurma вырашылі ўвасобіць у відэа песьню, якая была запісаная пасьля выхаду дэбютнага альбому «Repeat». «Мы хацелі распавесьці гісторыю пра тое, што кожны павінен знайсьці сваю другую палову і ў літаральным сэнсе ўпасьці ў каханьне. Наперад нам важна было праверыць, ці наша ідэя даспадобы прыхільнікам. І бязьмежна рады, што мы атрымалі безумоўную падтрымку!» — кажа лідэр гурту Мікіта Найдзёнаў. Відэа было зьнятае на народныя грошы, назьбіраныя ў выніку краўдфандынгавай кампаніі на Ulej.by.
Рэжысэрам роліку стаў Арцём Лобач, адзін з найлепшых беларускіх кліпмэйкераў на сёньня. Ён кажа, што працаваць з гуртом Hurma было адно задавальненьне. Каб перадаць рамантычную атмасфэру песьні былі абраныя дзьве лякацыі — у Вязынцы, непадалёк ад музэю Янкі Купалы, а таксама ў Менску на батутнай арэне «Джой Джамп».
Апэратарам відэа стаў Аляксандар Алейнікаў, а стылістам — Лаліта Угуран-Туміловіч. Песьня «Упасьці» была запісаная на «Everest Studio» Паўлам Сінілам.
Hurma і Арцём Лобач працягнулі супрацу. Неўзабаве зьявіцца кліп на новую песьню «Люк, я твой тата».
Hurma — Упасьці (рэжысэр — Арцём Лобач). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ