Цёплае мінулае
8142 / 0
20.12.2016

Лявон Вольскі: «Тое, што было непахісным, зрабілася цёплым успамінам»

У відэачарце на Tuzin.fm возьме ўдзел новы кліп Лявона Вольскага на песьню «Цёплае мінулае» з альбому «Псыхасаматыка». Яго стварыў рэжысэр Мацей Сабураў на падставе фотаздымкаў музыкі ад часоў дзяцінства да нашых дзён.

«Цёплае мінулае» — адзін з самых кранальных нумароў «Псыхасаматыкі». У ёй — выказаны і боль ад страты каханай жонкі Лявона — Ганны Вольскай. Менавіта гэтую кампазыцыю сьпявак вырашыў увасобіць у відэа. Ролік уяўляе зь сябе вандроўку па хвалях памяці Лявона. «Гэтая песьня складаецца як бы з кадраў майго жыцьця, — апавядае Лявон. — Вось усплывае ў памяці мой двор. Мы жылі на вуліцы Адоеўскага: цёткі ля пад’ездаў жыва абмяркоўваюць апошнія навіны, непадалёк дзеці гуляюць у цюхі, мужчыны забіваюць „казла“ за негабляваным дваровым сталом… А вось я еду на 23-м тралейбусе ў мастацкую школу… Граю першыя канцэрты на электрааргане „Юность-75“… Далейшыя выступы, кожны зь якіх па-свойму запомніўся… А тут мы з Ганнай абмяркоўваем канцэпцыю канцэрту ў пераходзе…» 

Лявон кажа, што паміж напісаньнем гэтага твору і запісам голасу на студыі мінула некалькі месяцаў. І ўжо сам гэты час, калі ён ствараў гэтую песьню, зрабіўся «цёплым мінулым», бо цягам гэтых месяцаў жыцьцё кардынальна зьмянілася. «Зьмяніўся я, зьмяніўся сьвет вакол мяне. І тое, што здавалася трывалым і непахісным, зрабілася цёплым настальгічным успамінам», — зазначыў сьпявак.

19 сьнежня ў час вяртаньня з гастроляў па ЗША Лявон абвесьціў праз сваю старонку на facebook, што ён цяпер у любоўных стасунках з «Джэйн Эйр» — гэта 26-гадовая дзяўчына зь Менску Мар’яна, якая па супадзеньні мае такое ж прозьвішча — Вольская. Мы папрасілі выканаўцу пацьвердзіць гэтую інфармацыю.

Tuzin.fm