
Бой з самім сабою. Brutto па-свойму прачыталі Жадана
У кліпе на песьню «Рокі», які возьме ўдзел у зімовым туры відэачарту на TuzinFM, гурт Сяргея Міхалка працягвае змаганьне з унутранымі дэманамі.
«Рокі» — загалоўны нумар з альбому, у якім Brutto дэкляравалі сыход зь вялікай палітыкі ў вялікую рэлігію. Песьня створаная на верш украінскага паэта Сяргея Жадана, на беларускую яго пераклаў Андрэй Хадановіч, а выканаў Віталь Гуркоў, шматразовы чэмпіён сьвету па тайскім боксе і вакаліст Brutto. Ён жа выканаў галоўную ролю ў кліпе. Рэжысэркаю стала Ганна Бурачкова з Украіны, якая да гэтага зьняла гурту Міхалка кліп на песьню «Середні віки». Яна акурат разглядае кліп на «Рокі» як працяг гісторыі. «Гэта кліп пра тое, што самым галоўным нашым праціўнікам часта зьяўляемся мы самі. Мы ня толькі жывем у сьвеце, населеным дэманамі, але і змагаемся зь імі і выжываем у гэтым сьвеце. І часта, нават самі таго не заўважаючы, мы і робімся гэтымі дэманамі і змагаемся зь імі ў саміх сабе», — сказала рэжысэрка з нагоды прэм’еры.
Здымалі відэа ў два дні ў Кіеве. Усяго ў працэсе было задзейнічана больш за 300 чалавек, у тым ліку гімнастка Меліціна Станюта, акторка Сьвятлана Зелянкоўская і сам паэт Сяргей Жадан. Самога Міхалка на здымках не было, хоць ягоны голас гучыць на бэк-вакале. Засяродзіцца вырашана было цалкам на Гуркове ды ягоным героі ў кліпе.
Brutto — Рокі (рэжысэр — Ганна Бурачкова)
TuzinFM
КАМЕНТАВАЦЬ