Папяроска
13856 / 0
12.01.2018

Brutto. Усе мы родам зь дзяцінства

Рэжысэр Андрэй Давыдоўскі зьняў кліп для Brutto ў закінутай кіеўскай вар’ятні, каб перадаць прывітаньне шалёным 90-м. Ролік бярэ ўдзел у веснавым туры відэачарту на TuzinFM.

Сама «Папяроска» ўвайшла ў альбом «Рокі». Створаная яна па матывах песьні брытанскага гурту Chumbawamba «Give the Anarchist a Cigarette». Менавіта гэтая тэма натхніла ўкраінскага паэта Сяргея Жадана на верш «Південно-західна (дорожня)», які ў сваю чаргу на беларускую пераклаў Андрэй Хадановіч і прасьпяваў Сяргей Міхалок. Лідэр Brutto кажа, што яму захацелася згадаць рамантыку нефармальных 90-х — дваровае хуліганскае юнацтва, першыя крокі ў рок-музыцы, незабыўныя шабашы ды панкаўскія оргіі.

Сяргей Жадан высока ацаніў вынік працы Brutto. Ён наагул лічыць самай шчымлівай і пранізьлівай песьняй з «Рокі» менавіта «Папяроску». «Яны напраўду даюць прыкурыць, калі распавядаюць гісторыю пра шчасьлівае дзяцінства, зь якога і паходзяць нашыя шкодныя звычкі. І расказана ўсё на драйве, як яно і мусіць быць у дзяцінстве», — кажа творца, які і сам перадаў музычнае прывітаньне таму часу ва ўласнай інтэрпрэтацыі песьні «Рок-музыкант» гурта «Мроя».

Рэжысэрам роліку стаў Андрэй Давыдоўскі, аўтар шэрагу іншых кліпаў Brutto, у тым ліку на песьню «Родны край». Андрэй кажа, што «Папяроска» адсылае да пачатку супрацы з камандай Міхалка, а менавіта да кліпу на песьню «Гири». Ён схільны лічыць новую працу прыквэлам да яго ў пляне візуальнага рашэньня і настрою. Бо і тут, і там ёсьць лёгкасьць, гратэск, пубэртатная рамантыка ды неўтаймаваная энэргія.

Здымалі «Папяроску» ў Кіеве ў два дні. Асноўнай лякацыяй стала закінутая вар’ятня.

TuzinFM