![Валёначак сьвятога Мікалая](/images/4271_videos_240x240.jpg)
У стылі фа́ду. Новая калядка ад Вайцюшкевіча, Някляева і РСП (прэм’ера!)
Зьміцер Вайцюшкевіч прэзэнтаваў кліп на зусім новую песьню «Валёначак сьвятога Мікалая» аўтарства Ўладзімера Някляева. Трэк запісаны разам з гуртом «Разьбітае сэрца пацана».
Песьня «Валёначак сьвятога Мікалая» і кліп на яе — працяг традыцыі, якую Вайцюшкевіч і Някляеў заклалі некалькі гадоў таму. На Каляды яны робяць падарунак слухачам і прэзэнтуюць новую песьню ў адпаведным настроі. Раней гэта былі песьні і кліпы «На Каляды» і «Калядка». Сёлета да творчага тандэму далучыўся гурт «Разьбітае сэрца пацана».
«Мне падалося, што сёлета музычны калядны падарунак мусіць быць з такімі партугальскімі ці кубінскімі матывамі, у стыле фа́ду, сальсы. Таксама захацелася сумясьціць сваю сур’ёзнасьць з троху гумарыстычным вобразам гурта РСП, з чаго атрымаўся такі дуэт», — тлумачыць Зьміцер.
Рэжысэрам кліпу выступіў Сяргей Торбік. Асобную падзяку аўтары роліку выказваюць Тацяне Сініцавай за прадастаўленае памяшканьне. Жывая прэм’ера песьні адбудзецца на калядным канцэрце Зьмітра Вайцюшкевіча і WZ-orkiestra 7 студзеня 2019 году ў Палацы культуры імя Шарко.
Зьміцер Вайцюшкевіч і РСП — Валёначак сьвятога Мікалая (рэжысэр — Сяргей Торбік)
TuzinFM
КАМЕНТАВАЦЬ