Гэй, малады
4518 / 0
10.01.2019

«Мы пераможам, бо мы беларусы». Матывацыйны ролік ад Laurynienka

У трэцім туры відэачарту на TuzinFM у сэзоне 2018/2019 возьме ўдзел кліп рэжысэра Арцёма Лобача на песьню «Гэй, малады» гурта Laurynienka.

Гэта песьня стала пераможцай конкурсу «Мова — Музыка — Футбол», які «Арт Сядзіба» праводзіла сумесна зь Беларускай фэдэрацыяй футболу. Мэтай конкурсу было стварэньне яскравых песень для яднаньня футбольных фанатаў, для падтрымкі каманднага духу, для натхненьня футбалістаў і матывацыі на перамогу. За першае месца гурт-пераможца Laurynienka атрымаў магчымасьць зьняць кліп на песьню «Гэй, малады».

«Мы спадзяемся, што кожны беларускі гулец, які паслухае песьню і паглядзіць кліп, адчуе ў сабе дадатковыя сілы і натхніцца на новыя перамогі і дасягненьні», — кажуць удзельнікі гурта, якія самі зьяўляюцца футбольнымі заўзятарамі ФК «Гомель». Кліп здымалі на стадыёне Гомелю з удзелам футбольных гарадзкіх камандаў: дзіцячай і юнацкай. Паводле задумы аўтараў роліку, гульцы, асабліва маладыя, мусяць разумець, што век футбаліста досыць кароткі, таму яны самі азначаюць свае прыярытэты: на полі і па-за ім. «Я ведаю, што калі выходзіш на поле, ты ня думаеш ні пра што, акрамя гульні. Роўна тое ж можна сказаць пра сцэну. Але тое, што будзе і на полі, і на сцэне, залежыць ад працы па-за імі, і ад таго, колькі месца ў вашым сэрцы займае абраная вамі справа жыцьця. У Раналду і Мэсі тыя ж дзьве рукі і нагі, што і ў вас, але яны ніколі не будавалі межы ў сваёй галаве, таго і вам жадаю!» — дзеліцца думкамі саліст гурта Сяргей Лаўрыненка.

Для музыкаў гэта быў першы досьвед такіх здымкаў. Яны прызнаюцца, што праца была няпростай і цяпер яны з большай павагай ставяцца да прафэсіяў актора, рэжысэра, апэратара.

Laurynienka — Гэй, малады (рэжысэр — Арцём Лобач)

TuzinFM