Сярод зьніклых. Мэлянхалічнае відэа ад Вольскага
У відэачарце на TuzinFM бярэ ўдзел кліп на песьню з новага альбому Лявона Вольскага «Зьніклыя людзі», які зьняў рэжысэр Арцём Лобач.
«Źnikłyja ludzi» — першая песьня з альбому «Hravitacyja», якую паказаў Лявон Вольскі. Гэты рэліз павінны стаць заключнай часткай трылёгіі, распачатай дыскамі «Hramadaznaŭstva» (2014) і «Psychasamatyka» (2016). Відэа на песьню зьняў вядучы беларускі кліпмэйкер і рэжысэр праграмы Belsat Music Live Арцём Лобач.
«Песьня была напісаная ўвосень 2017 году. Яна пра пэўны этап у жыцьці, калі паступова сыходзяць сябры, знаёмыя, родныя. Нейкія моманты нагадваюць пра іх — месцы, рэчы, словы, музыка — а іх ужо няма. І чым далей, тым больш такога», — кажа Лявон пра сэнс сваёй працы.
«Зьніклыя людзі» ды іншыя песьні з альбому «Гравітацыі» былі запісаныя ў Вільні з саўндпрадусарам Снорэ Бэргерудам. Грошы на ягонае выданьне былі сабраныя з дапамогай краўдфандынгавай кампаніі на афіцыйным сайце сьпевака. Цяпер дыск даводзіцца да ладу. У адрозьненьне ад двух папярэдніх, гэты альбом будзе прэзэнтаваны ўжывую ў Менску. Яшчэ можна пасьпець набыць квіткі на вялікі канцэрт гурта Вольскага ў Prime Hall 2 сакавіка.
TuzinFM, фота Андрэя Давыдчыка
КАМЕНТАВАЦЬ