«Сьпявай мне дзяўчынка». Відэа, якое зьнялі ў месцы, дзе заснуў Чарот
Лідэр гурта «Лепшы квас» Уладзь Лепяшынскі і сьпявачка Валерыя Суравіцкая (Lear) паклалі на музыку верш Міхася Чарота «На могілках». Відэа на яго зьнялі ў Курапатах.
Сьветлы і сумны верш 24-гадовага Міхася Чарота быў напісаны ў 1920-м. У ім лірычны герой просіць засьпяваць яму пра кветкі і зоркі, пра лепшыя дні і вясну, прыгадвае пра першае спатканьне і каханьне і хоча заснуць пад гэты ціхі сьпеў… Але назву гэты верш мае трагічную — «На могілках».
Праз 100 гадоў гэты верш на музыку паклалі лідэр гурта «Лепшы квас» Уладзь Лепяшынскі і сьпявачка Валерыя Суравіцкая (Lear). У запісе ўзялі ўдзел таксама саксафаніст Фёдар Малікін, бас-гітарыст Аляксандар Ільін, бубнач Яўген Гаўрусёў.
Відэа на першы погляд лірычную песьню музыкі вырашылі зьняць у Курапатах — дзе верагодней за ўсё разам з шматлікімі іншымі прадстаўнікамі беларускай інтэлігенцыі быў расстраляны і «заснуў» сам Міхась Чарот у ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году. Кліп і песьня прысвечаныя ўгодкам гэтай сумнай даты. Ідэя відэа належыць Алесю Сьнегу і Ўладзю Лепяшынскаму, а зьняў яго Андрэй Шаўлюга.
Уладзь Лепяшынскі feat. Lear — Сьпявай мне дзяўчынка (рэжысэр — Андрэй Шаўлюга)
«(НЕ) РАССТРАЛЯНАЯ ПАЭЗІЯ». ПРЭМ’ЕРА МУЗЫЧНАГА ПРАЕКТУ І КУРСУ ВІДЭАЛЕКЦЫЯЎ ПРА ПАЭТАЎ 1930-Х
TuzinFM
КАМЕНТАВАЦЬ