Гурт The Superbullz прэзентуе ў новым туры відэачарта TuzinFM кліп на песню «Kamiani» — гэта своеасаблівы маніфест свабоды.
Пра «Kamiani» самі музыкі кажуць так: «Усе каментары залішнія, усё сказана музыкай і ў тэксце, адным маналітам. Кожны адкрые для сябе рэвалюцыйны сплаў». І напраўду, як і шматлікія папярэднія песні гурта, яна можа быць адной з самых выбітных песен сённяшняга пратэсту.
Кліп зняла студыя Krok Films, а новае гучанне атрымалася дзякуючы Андрэю Баброўку — на яго студыі ладзіўся запіс і звядзенне песні.
— Усё і пра ўсё я і мае сябры, гурты ў якіх я працаваў — Ляпіс, Брутто, Вольскі, Крамбамбуля, The SUPERBULLZ — даўно спявалі пра гэта, і ўсім данасілі, даўно. Таму ніякай выпадковасці ці супадзення тут няма. Гэта рэчаіснасць. А хтосьці не хацеў гэтага чуць раней, цяпер пераабуліся. Гэта заўсёды было побач і актуальна па майму меркаванню, — кажа лідар гурта Алесь-Францішак Мышкевіч.
Праз месяц пасля выхаду кліпа, гурт прадставіў яшчэ адзін сінгл — «Maŭzer». Алесь кажа: «Лічу гэтыя два сінгла найбольш яскрава пратэстнымі, і глыбей за шматлікія, каторыя зараз павылазілі на хайпе рэвалюцыі».
Меркавалася, што новы альбом гурта, якому папярэднічаюць гэтыя сінглы, выйдзе напачатку восені, але з-за складанай сітуацыі ў краіне рэліз было вырашына адкласці.
— У лістападзе выйдзе трэці сінгл, а мо і чацвёрты нават. Зараз вядуцца здымкі наступнана кліпу, — паведамляюць музыкі.
КАМЕНТАВАЦЬ