
«Эй, начальник» — Сіроп зрабіў актуальны для Беларусі рэп-кавер гурта ДДТ
Рэпер Сіроп прэзентуе ў новым туры відэачарта TuzinFM кліп на песню «Родина» — гэта кавер на ДДТ, але ад арыгіналу застаўся толькі прыпеў.
Сёлета некалькі выканаўцаў стварылі трыб’ют гурта ДДТ. Свой унёсак у яго зрабіў беларускі рэпер Сіроп, Аляксей Загорын. Гэтая песня і кліп — рэфлексія на тэму радзімы і свабоды.
— Песню «Родина» я абраў самастойна, калі мне прапанавалі ўдзел у трыб'юце ДДТ. Для мяне гэта было своеасаблівым знакам: ледзь паслухаўшы яе, я ўжо дакладна ведаў, што хачу туды прыўнесці. Сам жа пасыл песні цалкам празрысты, на мой погляд: прыйшла пара. Жыве Беларусь!
Рэжысёркай кліпа выступіла Хрысціна Кляшторная. Паводле яе задумы, у кліпе выкарыстаныя кадры з пратэстных хронік, а таксама сам Сіроп, які шпацыруе па горадзе ў вобразе смерці.
— У нас была прызначаная здымка літаральна на наступны дзень пасля масавых і вельмі жорсткіх затрыманняў у Мінску. Так супала. І мы рыхтаваліся да горшага, калі шчыра. Сіропу я сказала: "Рыхтуйся да таго, што нас завінцяць". На што ён толькі пасмяяўся: «Я 17 гадоў адсядзеў, як-небудзь патрываю яшчэ 15 сутак». Але нам пашанцавала, — кажа Хрысціна.
Сам Сіроп распавядае пра здымачны працэс так:
— Здымкі праходзілі вельмі цікава: людзі ўсміхаліся, пабачыўшы жняца, жагналіся, абдымаліся, рабілі сэлфі. Было некалькі сустрэч з супрацоўнікамі, якім мы шчыра вешалі лапшу на вушы. Атмасфера была дзівоснай.
Сімвалічна, што ў канцы відэа Сіроп падыходзіць да Рэзідэнцыі прэзідэнта, і кліп, які ўвесь час быў чорна-белым, робіцца каляровым.
— Калі я ў гэтым кліпе з касой наперавес гляджу на прэзідэнцкі палац, я, вядома, не жадаю смерці канкрэтнаму чалавеку. Я, як і тысячы маіх суайчыннікаў, жадаю смерці сістэме аднаасобнай улады, якую гэты чалавек стварыў, — кажа аўтар.
Яшчэ адна «пратэстная» песня Сіропа выйшла крыху пазней. «Спасибо, Саша» — гэта аповед пра складанае жыццё ў Беларусі.
КАМЕНТАВАЦЬ