«Быў. Ёсць. Буду» — Irdorath увасобілі ў музыку верш Караткевіча
Гурт Irdorath прэзентуе кліп на песню «Быў. Ёсць. Буду» — гэта кампазіцыя на верш Караткевіча, якая амаль ніколі не выконваецца на канцэртах.
Беларускі фэнтэзі-фолк гурт Irdorath выпусціў відэакліп на трэк «Быў. Ёсць. Буду». Гэта песня на верш Караткевіча была запісаная больш за 5 гадоў таму і ўвайшла ў альбом «Dreamcatcher».
— Мы амаль ніколі яе не выконвалі на канцэртах, таму што звычайна гэта нейкія фестывалі, весялосць, а песня, скажам так, не зусім вясёлая. Цяпер усё так склалася... З усёй нашай творчасці гэтая песня лепш за ўсё трапляе ў цяперашнюю сітуацыю. Таму мы выпусцілі яе асобным відэа, — распавядае салістка гурта Надзея Ірдарат.
Здымаў кліп Аляксандр Алейнікаў, а мантаж рабіла сама Надзея.
У «Быў. Ёсць. Буду» дужа цікавая гісторыя стварэння:
— Калі ў мяне з'явіўся хардзі-гардзі, — кажа Надзея, — не было чалавека, які мог бы навучыць мяне на ім граць. Я сядзела дома і грала арпеджыа, а на кампе быў адкрыты верш Караткевіча «Быў. Ёсць. Буду», таму што я люблю яго і перыядычна чытаю яго вершы. Мы жылі тады на высокім паверсе, неба было цёмнае, у хмарах, а пасля раптоўна з'явілася вясёлка, колер быў такі яркі. Я грала гэта арпеджыа і проста стала напяваць «Быў, ёсць, буду», а потым проста чытаць гэты верш. Усё так супала. Я патэлефанавала хлопцам і сказала: «Сёння прынясу нешта на рэпетыцыю».
Па выніку музыкі амаль нічога не змянілі ў песні — толькі дадалі барабанны рытм, які нагадвае стук сэрца. Хоць былі пэўныя складанасці:
Слова «быў» цяжка прапяваецца — мы не супер-вакалісты, а простыя смяротныя. Але мы вырашылі ўсё так пакінуць. Можа быць, атрымалася не паводле правілаў, але па-чалавечы.
Нядаўна ў Irdorath выйшла яшчэ адно відэа — «Крылы» прысвяцілі ўсяму народу Беларусі, і асабліва жанчынам, якія праяўляюць сапраўдную сілу і стойкасць духу.
Больш музыкі і навін гурта можна знайсці ў іх сацыяльных сетках.
Irdorath — Быў. Ёсць. Буду. (словы Уладзіміра Караткевіча)
Таму, што заўжды, як пракляты,
Жыву бяздоннай трывогай,
Таму, што сэрца маё распята
За ўсе мільярды двухногіх.
За ўсіх, хто ўздымае цяжкія разоры,
Хто ў гарачым пекле металу,
За ўсіх, хто змагаецца з небам і морам,
За жывых і за тых, што сканалі.
За ўсіх, хто крывёю піша
Ў нязгодзе
З рабства подлай дарогай,
Хто за Край Свой Родны, за ўсе Народы
Паўстане нават на Бога.
За ўсіх, хто курчыцца ў полымі вёсак,
Хто ратуе краіну ад краху,
За ўсіх, хто бясстрашна глядзіць у нябёсы
З барыкады,
З пушчы
I з плахі.
Хто са смерцю гаворыць з вока на вока,
З яе усмешкаю ветлай,
I ўсё ж узводзіць — нясцерпна далёкі —
Храм наш агульны і светлы.
А калі ён горда заззяе ў зеніце —
Непарушны — ўзнясецца ў неба,
Вы з распятага сэрца кроплю вазьміце.
Апошнюю.
Болей не трэба.
I няхай яна збоку, недзе на ганку,
Дагарае й дзяцей не страшыць.
На граніце любові,
На граніце світанку,
На граніце велічы вашай.
КАМЕНТАВАЦЬ