Relikt знялі кліп пра жаночую моц
Гурт Relikt прэзентуе кліп на песню «Туман у мора» — гэта ролік пра дзяўчыну-спартоўку, што перамагае свой страх.
Relikt прэзентавалі новы кліп на песню «Туман у мора», што ўваходзіць у альбом «Дрэва жыцця».
Аўтар сцэнару і рэжысёр кліпа Кірыла Чычэліс распавядае пра яго:
— Сюжэт роліка пра дзяўчыну-спартоўку, якую прэсуе, аб’юзіць і харасіць азвярэлы трэнер, робіць незвычайны паварот, калі ахвяра, перанесшыся ў свет прыроды і адчуўшы сілы, што жывілі беларусаў спрадвеку, перамагае страх і рашуча адказвае агрэсару.
На яго думку, у аснове ўвасобленага на экране канфлікту ляжыць барацьба дабра са злом, жыцця са смерцю.
— Зрэшты, узвязку з апошнімі падзеямі ў нашай краіне відэа здабыла новыя сэнсы, — дадае лідар Relikt барабаншчык Аляксандр Дземідзенка.
Галоўныя герояў відэа сыгралі — Паліна Дзядзейка і Арсеній Шабан.
Гэта ўжо другая сумесная праца музыкаў і рэжысёра: нядаўна Relikt запісалі абноўленую версію хіта «Прыйшоў гэты дзень» гурта «Бонда», а Чычэліс аздобіў яе відэашэрагам, у якім распавёў гісторыю беларусаў, што выступалі і працягваюць выступаць на абарону праўды і гонару.
КАМЕНТАВАЦЬ